Праздник урожая прошёл в Бешенковичах в воскресенье

Актуально

У нядзелю цэнтральная аўтамабільная пляцоўка ля магазіна «Бешанковіцкі» ў гарпасёлку пераўтварылася ў бойкую гандлёвую пляцоўку. Сюды на традыцыйны восеньскі кірмаш з’ехаліся сельгасвытворцы з вырашчанай і вырабленай прадукцыяй.


Прадпрыемствы аграпрама парадавалі жыхароў раёна багаццем «вітамінаў» і прымальнымі цэнамі. На аўтамабільнай пляцоўцы радамі выстраіліся каля двух дзясяткаў машын. Гандаль пачаўся яшчэ да афіцыйнага адкрыцця кірмашу. Прыдзвінцы прыглядаліся да якасці сельгаспрадукцыі і цэннікаў, выстраіваліся ў чэргі і рабілі пакупкі.


Як заўжды вялікім попытам у насельніцтва карысталася збожжа. Ім гандлявалі «ПалітаддзелецАгра», «ААБ-Агра Наватар», філіял «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», «ДраздыАгра», «Бешанковічы аграсэрвіс». Ячмень, пшаніца і авёс разыходзіліся хутка. У шырокім асартыменце была прадстаўлена мясная прадукцыя. Выразка, рэбры, фарш прапаноўвалі чатыры гаспадаркі раёна: «ААБ-Агра Наватар», «ПалітаддзелецАгра», «ДраздыАгра» і «Бешанковічы аграсэрвіс». Знайшла свайго спажыўца і бульба з «Вядзерава». Ульскі прафесійны ліцэй таксама гандляваў бульбай, ячменем, пшаніцай і аўсом.


Канкурэнцыю буйным сельгаспрадпрыемствам склалі і прыватныя падворкі. Госці з Брэсцкай вобласці прывезлі на кірмаш разнастайную агародніну і садавіну: цыбулю, бульбу, моркву, таматы, перац, баклажаны, яблыкі. Бойка ішоў гандаль у сялянска-фермерскай гаспадаркі «Марыя» з вёскі Падворыца суседняга Сенненскага раёна, гаспадар якой прапанаваў на продаж капусту, бульбу і буракі.


Збіралі людей і гандлёвыя рады райпа. Тут прапаноўвалі пшаніцу, бульбу, моркву, буракі, цыбулю, часнок, яблыкі, журавіны, сушаны глог, салёныя агуркі. Райпа выставіла на продаж як прамысловую групу тавараў, так і мясныя паўфабрыкаты. Тут можна было набыць жывую рыбу – карпа.


Адным словам, сёлетняя восень шчодрая на ўраджай, таму і кірмаш атрымаўся на славу. Прыдзвінцы змаглі зрабіць неабходныя запасы на зіму. Арганізатары свята ўраджаю паклапаціліся і пра тое, каб жыхарам раёна было зручна даставіць пакупкі дадому. Транспартныя паслугі землякам у гэты дзень аказвалі ТЦСАН і КУП БА «Бешанковічы КБА».



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *