На связи с жителями Бешенковиччины — Владимир Аглушевич

Новости района

Працаўнікі сельскай гаспадаркі вартыя пахвалы і ў вершах, і ў прозе. Асаблівых слоў удзячнасці, напэўна, заслугоўваюць аператары машыннага даення кароў. Яны працуюць з аднолькавай напругай круглы год. Менавіта ад іх працы ў той ці іншай ступені залежыць дабрабыт гаспадаркі, бо малако з’яўляецца асноўнай крыніцай даходу.


Цяжкасці жывёлагадоўчай прафесіі не спалохалі Таццяну Іванаўну Кошалеву, якая аднойчы вырашыла працаваць аператарам машыннага даення і сёння на ферме ў вёсцы Двор Нізгалава ААТ «Бешанковічы аграсэрвіс» задае тон у працы. Напэўна, таму менавіта ёй сёлета пашчасціла абараняць гонар гаспадаркі на раённым конкурсе прафесійнага майстэрства і выйсці ў тройку лідараў гэтага спаборніцтва.


Маючы за плячыма дваццаць пяць гадоў стажу ў жывёлагадоўлі, жанчына з упэўненасцю сцвярджае: надоі забяспечваюцца добрым кармленнем і руплівай працай. Таму стараецца. Даглядае кожную «пяструшку» як сваю ўласную. Па выніках першага паўгоддзя Т. І. Кошалева атрымала на карову ў групе па 2085 кг малака, а валавы надой – 95,9 тоны.


«Ды няма ніякіх асаблівых сакрэтаў у маёй рабоце, – кажа Таццяна Іванаўна. – Галоўнае, каб у кароўніках было чыста і суха, у кармушках ляжала сянцо, каб давалі жывёле сянаж, кукурузу і канцэнтраты. Ну, а яшчэ да кожнай кароўкі трэба падыходзіць з любоўю. Гэта я ведаю дакладна. Каровы – жывёлы даверлівыя і здольныя аддзячыць за клопаты добрымі надоямі».


На ферме «Двор Нізгалава» за Таццянай Кошалевай замацавана 45 кароў. Дысцыплінаваная жанчына не парушае тэхналогію. Клапоціцца пра кожную «пяструшку» і адразу прыкмячае, калі яна захварэе, якая ў ахвоту прыйдзе, каб своечасова пакрыць і атрымаць прыплод. Імкнецца, каб і надоі былі высокімі, і малако якасным.


– Вопытная, адказная, працавітая, – характарызуе падначаленую загадчыца фермы Таццяна Аляксееўна Жыгун. – Усе «пяструшкі» розныя па нораве і паводзінах, а таму да кожнай Таццяна Іванаўна мае асабісты падыход. Яе старанне, неабыякавасць, імкненне працаваць вынікова заўсёды даюць добры плён.


Калі маляваць паўнавартасны партрэт руплівай вясковай жанчыны, трэба дадаць яшчэ, што Т. І. Кошалева – шматдзетная маці, адна выгадавала траіх дзетак, цяпер дапамагае падымаць на ногі ўнукаў. Трымае ўласную гаспадарку: на яе падворку жывуць гусі, качкі, іншая жывёла. І на ўсё ў яе хапае часу. Вядома ж, за чвэрць стагоддзя жанчына шмат чаму навучылася, стала прафесіяналам сваёй справы. Цяпер сама можа падзяліцца вопытам з маладзейшымі даяркамі…



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *