Революция в названиях наших улиц

Наш бешенковичский край

Вуліцы — адлюстраванне не толькі вонкавага аблічча любога населенага пункта, але і яго гісторыі. У назвах можна прасачыць шматлікія гістарычныя катаклізмы далёкага мінулага. Часцяком іх імёны мяняліся ў залежнасці ад палітычнай, ідэалагічнай і іншай кан’юнктуры эпохі.


Традыцыя даваць вуліцам імёны славутых людзей, называць у гонар важных падзей мае глыбокія карані. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі гэта традыцыя атрымала другое жыццё. Пачалася хваля масавых перайменаванняў тапонімаў, якая несла ідэалагічны сэнс і адпавядала радкам з «Інтэрнацыянала» — гімна рэвалюцыі:


Весь мир насилья мы разрушим


До основанья, а затем


Мы наш, мы новый мир построим, —


Кто был ничем, тот станет всем.


Вуліцы і населеныя пункты, названыя ў гонар манархаў, арыстакратаў, генералаў, чыноўнікаў, рэлігійных свят і асоб, атрымлівалі новыя назвы — у гонар рэвалюцыйных падзей, удзельнікаў рэвалюцыі і Грамадзянскай вайны. У выніку губляліся гістарычныя назвы, а савецкія гарады і пасёлкі ператвараліся ў клоны з аднолькавымі назвамі вуліц.


У многіх гарадах Беларусі існуе мноства вуліц з назвамі ў памяць аб Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. У Савецкім Саюзе часта вуліцы называлі ў гонар вядомых рэвалюцыянераў і буйных палітычных дзеячаў, нейкіх рэвалюцыйных падзей. Вось мы і вырашылі пашукаць такія назвы на карце райцэнтра і Бешанковіцкага раёна ў цэлым. І вось што атрымалася!


У Бешанковічах і Уле ў гонар Кастрычніцкай рэвалюцыі названы вуліца Кастрычніцкая і аднайменны завулак, падзеі 100-гадовай даўніны ў райцэнтры ўвасоблены і ў назве вуліцы 70 гадоў Кастрычніка.


Цесна звязаны з рэвалюцыйнымі і паслярэвалюцыйнымі падзеямі назвы вуліц Савецкая (у Бешанковічах і Уле), Ленінская (у аг. Ула ёсць вуліца і два завулкі з такой назвай), Інтэрнацыяльная, Пралетарская, Камуністычная (ёсць у Бешанковічах) — у гонар новых органаў улады — Саветаў рабочых і сялянскіх дэпутатаў; вуліца Першамайская (Бешанковічы, Ула, Бачэйкава) і аднайменны завулак (Бешанковічы, Ула) — у гонар Дня міжнароднай салідарнасці працоўных; у назве вуліц Камсамольская (у Бешанковічах, Астроўне) адзначана маладзёжная арганізацыя, якая з’явіліся пасля Кастрычніка 1917 года.


Шмат вуліц у Бешанковічах носяць імёны рэвалюцыянераў, герояў Грамадзянскай вайны.


Вуліца Валадарскага


В. Валадарскі (сапраўднае імя Майсей Маркавіч Гальдштэйн) (1891-1918) нарадзіўся на Украіне ў сям’і рамесніка. З 1905 года член сацыял-дэмакратычнай яўрэйскай партыі Бунд, у час рэвалюцыі 1905-1907 гг. і пасля вызначыўся як агітатар, арганізоўваў мітынгі, друкаваў лістоўкі. У 1911-1913 гг. быў у ссылцы ў Архангельскай губерні. У 1913 годзе эмігрыраваў у ЗША, уступіў у Сацыялістычную партыю Амерыкі.


Пасля Лютаўскай рэвалюцыі ў маі 1917 года вярнуўся ў Расію, далучыўся да бальшавікоў, удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі. Займаўся прапагандысцкай работай на Румынскім фронце, быў рэдактарам «Чырвонай газеты» Петраградскага Савета. Арганізатар рэпрэсій супраць апазіцыйнай прэсы. Гэта стала прычынай замаху на яго. 20 чэрвеня 1918 года Валадарскі быў забіты эсэрам-баевіком Мікітам Сяргеевым. Пахаваны на Марсавым полі ў Санкт-Пецярбургу.


Вуліца Урыцкага


Майсей Саламонавіч Урыцкі (1873-1918) быў расійскім рэвалюцыйным і палітычным дзеячам. Нарадзіўся ён у яўрэйскай купецкай сям’і. Што цікава, спачатку будучы бальшавік атрымаў традыцыйную рэлігійную адукацыю. Пазней — юрыдычную. Маладосць М. С. Урыцкага прайшла ў ссылках і эміграцыі. У Расію ён вярнуўся пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 года. Працаваў у «Праўдзе», іншых партыйных выданнях. У сакавіку 1918 года Майсей Урыцкі стаў першым старшынёй Петраградскай НК. Быў забіты 30 жніўня гэтага ж года, неўзабаве пасля масавага расстрэлу контррэвалюцыянераў у Петраградзе. У той жа дзень стралялі і ў Леніна. За забойства свайго таварыша і замах на правадыра бальшавікі адказалі «чырвоным тэрорам». М. С. Урыцкі таксама пахаваны на Марсавым полі ў Санкт-Пецярбургу. Дарэчы, Дварцовая плошча ў паўночнай расійскай сталіцы, дзе рэвалюцыянер быў забіты, да 1944 года насіла яго імя.


Вуліца Дзяржынскага


Расійскі рэвалюцыянер польскага паходжання, савецкі палітычны дзеяч Фелікс Эдмундавіч Дзяржынскі меў мянушку Жалезны Фелікс і шмат падпольных псеўданімаў: Яцэк, Якуб, Пераплётчык, Франак, Астраном, Юзэф, Даманскі. Нарадзіўся ён 30 жніўня (11 верасня) 1877 года ў радавым маёнтку Дзяржынава Ашмянскага павета Віленскай губерні Расійскай імперыі (цяпер Стаўбцоўскі раён Мінскай вобласці). Падчас рэвалюцыйных падзей 1905 года ўзначаліў першамайскую дэманстрацыю, дзейнічаў у ваенна-рэвалюцыйнай арганізацыі.


Быў кіраўніком шэрагу наркаматаў, членам ЦК партыі, сакратаром ЦК РСДРП (б), заснавальнікам і кіраўніком Усерасійскай надзвычайнай камісіі па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам пры Савеце народных камісараў РСФСР – органам «дыктатуры пралетарыяту» па абароне дзяржаўнай бяспекі. З’яўляўся галоўным рэдактарам часопіса «Чырвоны тэрор».


Ф. Э. Дзяржынскі быў старшынёй камісіі па паляпшэнні жыцця дзяцей (гэта значыць па барацьбе з дзіцячай беспрытульнасцю). На пасадзе старшыні камісіі ён арганізаваў сістэму дзіцячых устаноў – прыёмнікаў-размеркавальнікаў (часовага знаходжання), дзіцячых дамоў, «камун» і дзіцячых «гарадкоў». У гэтых установах тысячы абяздоленых дзяцей атрымлівалі медыцынскае абслугоўванне, адукацыю, харчаванне, і самае галоўнае, магчымасць далейшай самарэалізацыі. На базе камуны імя Дзяржынскага (кіраўнік А. С. Макаранка) было створана цэлае прадпрыемства, дзе працавалі падлеткі, ствараючы адзін з самых сучасных па тым часе фотаапаратаў пад назвай «ФЭД», гэта значыць першыя літары яго імя, імя па бацьку і прозвішча. Памёр ад сардэчнага прыступу 20 ліпеня 1926 года.


Вуліца Фрунзе


Рэвалюцыянер, адзін з найбольш буйных военачальнікаў Чырвонай Арміі ў час Грамадзянскай вайны, ваенны тэарэтык Міхаіл Васільевіч Фрунзе нарадзіўся ў 1885 годзе ў Бішкеку. Меў партыйныя псеўданімы Міхайлаў, Трыфаныч, Арсеній, літаратурныя — Сяргей Пятроў, А. Шуйскі, М. Мірскі.


У Крывавую нядзелю 9 студзеня 1905 года ўдзельнічаў у маніфестацыі на Дварцовай плошчы ў Пецярбургу, быў паранены ў руку. Пазней Міхаіл Васільевіч прызнаваў, што менавіта гэта падзея прывяла яго ў «генералы ад рэвалюцыі».


У дні паўстання ў Маскве ў кастрычніку 1917-га ўдзельнічаў у баях ля будынка гасцініцы «Метраполь». Дэпутат Устаноўчага сходу ад бальшавікоў Уладзімірскай губерні. У першай палове 1918 года быў старшынёй Іванава-Вазнясенскага губкама РКП (б), губвыканкама і ваенным камісарам Іванава-Вазнясенскай губерні. Са жніўня 1918 – ваенны камісар Яраслаўскай ваеннай акругі. У лютым-маі 1919-га – камандуючы 4-й арміі РСЧА, якая разграміла белых падчас вясновага наступлення. За ажыццяўленне паспяховых наступальных аперацый супраць галоўных сіл адмірала А. В. Калчака ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.


3 снежня 1920 года прызначаны ўпаўнаважаным Рэўваенсавета на Украіне і камандуючым Узброенымі Сіламі Украіны і Крыма, адначасова абраны членам Палітбюро ЦК КП (б) У, з лютага 1922 года – намеснік старшыні СНК УССР. Памёр пасля аперацыі 31 кастрычніка 1925 года.


Вось такі невялікі экскурс у гісторыю Бешанковіч і навакольных вёсак зрабілі мы, узгадваючы пра падзеі 100-гадовай даўніны.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *