Па нумары 6-40-59

Новости района

Рэдакцыйны ўазік імчыць у аграгарадок Камоскі ў госці да Ніны Апанасаўны Гнеўкі (на здымку). І нагода для гэтага важкая – 11 верасня (якраз у дзень выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь шостага склікання) адна са старэйшых жыхарак населенага пункта адзначыць юбілей.


Даўняя сяброўка раёнкі («Зару» выпісвае не адзін дзясятак гадоў) сустрэла нас у добрым настроі. Ёй – 90, а яна жвавая і рухавая. Ёй – 90, а яна любіць жыццё і людзей самай шчырай любоўю. Ёй 90 – а яна не стамілася, не спынілася ў цікаўнасці і руплівасці. Уражвае нейкай натуральнай інтэлігентнасцю, тактычнасцю, шчодрасцю душы.


Жыццёвы лёс Ніны Апанасаўны не быў усеяны ружамі. Хутчэй, наадварот, жыццё нібыта выпрабоўвала жанчыну на трываласць. Узяць хаця б вельмі балючыя раны – смерці мужа Аляксандра Пятровіча і сына Сяргея, якому ў свой час давялося служыць у Афганістане. Ён – матуліна гордасць і гора адначасова.


А яшчэ Вялікая Айчынная вайна… Яна таксама болем адгукаецца ў сэрцы жанчыны. У вайну было страшна. Кожны дзень, кожную хвіліну – страшна. Н. А. Гнеўку, у той час 17-гадовую дзяўчыну, прымусова вывезлі ў Германію, дзе на заводзе была вымушана вырабляць кулі. Пры ўспамінах пра дні нямецкай няволі на вачах Ніны Апанасаўны з’яўляюцца слёзы. Адзін Бог ведае, як ёй пашчасціла выжыць…


Нягледзячы на ўсе выпрабаванні лёсу, Н. А. Гнеўка ніколі не скардзіцца на жыццё. Яна стараецца перажыць свой боль самастойна, кажа, што няма таблетак, якія лечаць ад гора. Згадзіцеся, гэта словы мудрага чалавека.


Нястрыманай, заўзятай у рабоце была Ніна Апанасаўна. За плячыма 7 класаў школы, якую яна скончыла ў Бешанковічах. Н. А. Гнеўка марыла паступіць у кааператыўны тэхнікум, на жаль, не атрымалася. Але лепшыя рысы яе характару спатрэбіліся ў другой прафесіі. Чатыры гады працавала рахункаводам у Бешанковіцкім сельскім Савеце, яшчэ каля чатырох дзясяткаў гадоў аддала сельскай гаспадарцы. Работы ніколі не баялася: працавала цялятніцай, свінаркай, даяркай і нават на пенсіі яшчэ доўгі час была загадчыцай складам.


Такой няўрымслівай Ніна Апанасаўна засталася і сёння. Хоць і жыве жанчына летам ў вёсцы з дачкой Фаінай, а на зіму перабіраецца на кватэру ў Бешанковічы, яна не можа, даруйце, праціраць канапу, яна ўся ў клопатах. У яе гаспадарка – куры, разам з дачкой разводзіць кветкі ля дома, даглядае на сваёй сядзібе яблыневы сад, у яе ладны кавалак агарода, дзе хапае месца і бульбе, і агародніне.


Ніна Апанасаўна багатая той мудрасцю, той жыццёвай пільнасцю, якія дазваляюць беспамылкова бачыць людзей, прымаць правільныя рашэнні, годна ісці па звілістым і непрадказальным жыццёвым шляху. Суседзі, сябры і родныя адзначаюць сумленнасць, дабрыню, разважлівасць юбіляркі, жанчыну паважаюць, цэняць яе меркаванне, раяцца з ёй. Н. А. Гнеўка займае актыўную грамадскую пазіцыю, ёй не ўсё роўна, што робіцца ў свеце, у краіне, у раёне, у яе роднай вёсачцы.


Сёння Н. А. Гнеўка пераканана, што жыве на свеце не дарэмна. Ёй ёсць кім ганарыцца: удзячная дачка, шчаслівыя ўнукі (іх два) і праўнукі (іх пяцёра), якія заўсёды бяруць прыклад са сваёй справядлівай, настойлівай і пакладзістай маці, бабулі і прабабулі.


У святочны дзень юбілею дасылаем Ніне Апанасаўне шмат цёплых слоў і пажаданняў ад калектыву «Зары» і, вядома ж, ад родных, знаёмых, суседзяў. Няхай яна будзе шчаслівая не столькі ад кветак у гэты дзень, колькі ад людской увагі і памяці. Здароўя вам, Ніна Апанасаўна, няхай надалей жывецца лёгка!