На парадной форме бешенковичского ветерана — ещё одна медаль

Слава Придвинья

На яго парадным кіцелі блішчаць ордэны і медалі, і кожная з узнагарод — часцінка гісторыі жыцця ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Апанасавіча Кісялёва. У сераду на параднай форме абаронцы Айчыны з’явілася яшчэ адна ўзнагарода — медаль «100 год Узброеным Сілам Рэспублікі Беларусь», устаноўленая Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №356 ад 28 верасня 2017 года.


Напярэдадні юбілею Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь у госці да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны з ганаровай місіяй прыехалі ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч і старшыня райсавета ветэранаў А. В. Крачкоўскі.


— Ад душы віншую Вас, Уладзімір Апанасавіч, са 100-годдзем Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь! Хачу пажадаць Вам здароўя, даўгалецця, шчасця і дабра вашай сям’і! — звярнуўся А. М. Савіч да віноўніка ўрачыстасці, калі ўручаў яму юбілейны медаль. — Нізкі-нізкі, да зямлі Вам паклон. Прыміце словы шчырай удзячнасці за вашу працу, за вашу адкрытасць. Пацверджанне таму — гонар за сваю краіну і павага, з якімі беларусы ставяцца да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.


«Вы практычна аднагодак беларускай арміі, — адзначыў А. В. Крачкоўскі. — Ваша ратная служба з’яўляецца ўзорам служэння сваёй Айчыне».


…Ваенная біяграфія У. А. Кісялёва — яркі прыклад легендарнага лёсу гераічнага пакалення, якое адстаяла свабоду і незалежнасць Радзімы. У 1944 годзе Уладзіміра Апанасавіча прызвалі ў армію і да 1946-га ён служыў радыстам у 5-м асобным запасным палку сувязі, 109-м палку сувязі 3-й арміі. Ён прайшоў тысячы кіламетраў, гнаў ворага за межы роднай зямлі, удзельнічаў у баявых аперацыях. У. А. Кісялёў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны другой ступені і медалём «За перамогу над Германіяй», а таксама мае юбілейныя ўзнагароды. Пасля службы ў Чырвонай Арміі мужчына нядоўга працаваў у кінафікацыі, а потым уладкаваўся ў пажарную службу і прысвяціў гэтай справе 37 гадоў свайго жыцця.


Ужо развітваючыся, Уладзімір Апанасавіч сказаў сваім гасцям:


— Я вельмі ўдзячны вам за ўвагу, за добрае стаўленне да мяне. Жадаю нашай беларускай арміі ў год яе 100-гадовага юбілею поспехаў у справе абароны Радзімы. Але галоўнае — жадаю ўсім міру і дабра, каб беларусы маглі спакойна гадаваць дзяцей і жыць пад мірным небам!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *