Жители Бешенковичского района могут поучаствовать в конкурсе фотографии

Новости района

Кажуць, што сям’я – усяму пачатак. Сям’я – усяму галава. Сям’я – гэта асобны свет мужа і жонкі, якія акрамя таго яшчэ маці і бацька, у іх адна душа. Інакш як патлумачыць, што яны разумеюць адзін аднаго з паўслова, з мімалётнага позірку? Ці толькі таму, што жывуць разам не першы год ці дзясятак? У чым жа сакрэт сямейнага дабрабыту? Ці можна быць шчаслівым не толькі дома, але і за яго сценамі? Гэтыя і іншыя пытанні хоць раз у жыцці задаваў сабе кожны чалавек. Зацікавілі яны і нас, таму за рэцэптам сямейнага шчасця мы звярнуліся да пераможцаў раённага і абласнога этапаў прэстыжнага рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2016» Сяргея і Юліі Адамовіч – актыўных і ініцыятыўных, сціплых і лагодных, неверагодна творчых і крэатыўных людзей, якія не ўяўляюць сваё жыццё адзін без аднаго і дваіх дзетак – трохгадовай дачушкі Дар’і і сыночка Івана, якому ўжо споўніўся год.


– Шчасце – гэта вялікая праца дваіх людзей – мужа і жонкі. Яго рэцэпт у кожнага свой, – шчыра дзеліцца Юлія. – Кожны дзень быццам самая першая сустрэча. Шчаслівая сям’я – тая, дзе ёсць дзіцячы смех. Адно дзіця, другое… Думалі, гэта ж як цяжка, але варта глянуць на маленькія дапытлівыя вочкі – і ўсе цяжкасці здаюцца нязначнымі… Вядома, трэба яшчэ, каб сэрцы былі аб’яднаныя пачуццямі, абавязкова павінна быць любоў і павага.


– І больш звяртаць увагу на чалавечыя якасці, – дадае Сяргей. – Разумець, падтрымліваць і гарманічна дапаўняць адзін аднаго, і памятаць: лепшыя словы – тыя, што яшчэ не сказаныя. Лёс аб’яднаў нас і мы навучыліся любіць адзін аднаго такімі, якія ёсць. Сям’я – самае каштоўнае, што ў нас ёсць, самы дарагі дом, які будуюць абодва. А што яшчэ трэба для шчасця?


– Жывучы ў вёсцы, маем няшмат вольнага часу, – апавядае далей Юлія. – Аднак часта бывае, што хочацца зрабіць што-небудзь цікавае, прыгожае, незвычайнае. Пакуль Даша ў дзіцячым садку, а Ваня спіць, прыходзіцца ўсё паспяваць, бо штодзень столькі клопатаў: раніцай адпраўляю мужа на працу, з ім і дачушку, каб у садзік адвёў. Прачынаецца сынок, таксама ўвагі чакае. Потым абед рыхтаваць, усіх накарміць, вымыць посуд, прыбраць у доме, зрабіць вячэру, з дзецьмі пагуляць, кнігі пачытаць… Мы сельскія жыхары і не баімся працы, бо яе за дзень шмат.


Сяргей – электраманцёр ЗАТ «ААБ-Агра Наватар». Юлія – настаўніца гісторыі, вучылася ў ВДУ імя П. М. Машэрава, паралельна атрымала юрыдычную адукацыю, працавала ў школе ў Сініцах, зараз знаходзіцца ў водпуску па доглядзе за дзіцяці. Яго малая радзіма – вёска Вяжышча. Яе – аграгарадок Ржаўка. Сяргей пасля вучобы ў Віцебскім дзяржаўным палітэхнічным тэхнікуме (цяпер каледжы) на тэхніка-электрыка размеркаваўся ў ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», у Ржаўку прыехаў у 2006 годзе. У вёсцы неяк павялося, што моладзь заўсёды збіралася разам, у адну кампанію, хтосьці танцаваў, хтосьці размаўляў. Хлопец прыйшоў з братам Аляксандрам. Так яны ўпершыню і сустрэліся. Пазнаёміўшыся, спачатку пасябравалі. Не мог хлопец забыць дзяўчыну з чароўнай усмешкай, а тая яго – так і закахаліся.


Маладая маці не можа сядзець без справы. Яна смачна гатуе, у вольны час вяжа, стварае цікавыя кветкавыя экспазіцыі. А яшчэ захапляецца фатаграфіяй – у доме шмат вялікіх альбомаў, дзе кожны здымак узнаўляе ў памяці якую-небудзь падзею, выклікаючы шчаслівую ўсмешку. Акрамя таго Юлія вось ужо больш як чатыры гады за рулём аўтамабіля.


– Натхненне – гэта мая сям’я. Самыя цудоўныя на свеце дзеці, самы лепшы муж, – з гонарам кажа Юлія. – Вельмі люблю яго хваліць і магу гаварыць пра каханага не адну гадзіну. Ён – шматгранная, вельмі творчая асоба, а яшчэ добры, чулы, разумны, клапатлівы. Ён у мяне і сапраўдны майстар зварачных работ, гаспадар, любіць тэхніку і ўсялякія вынаходніцтвы. Гэта працаўнік з залатымі рукамі. Сам зварыў плуг, аднавіў стары няспраўны трактар, зрабіў культыватар, прычэп, вібрастол для вырабу вулічнай пліткі, мангал, дзіцячае сядзенне для веласіпеда і яшчэ адну рэч прыдумаў – катушку для зматвання шланга.


– Быў бы матэрыял, час і жаданне, а зрабіць можна, што хочаш. Калі гэта я паспяваю? Усё дзякуючы жонцы, якая шмат вольнага часу дае. Усе хатнія справы, гаспадарка – на яе плячах, – расказвае муж. – Тэхніка – гэта захапленне дзяцінства. Пачыналася яно з цацачнай машыны ў пяску, потым ужо быў веласіпед і гэтак далей.


Размаўляючы з сямейнай парай, заўважаю, з якой цеплынёй пазіраюць яны адзін на аднаго. Гэтыя людзі здолелі захаваць рамантыку ў адносінах. У 2013 годзе ў маі згулялі вяселле. Між іншым, маладая і шчаслівая пара не звяртае ўвагі на забабоны. Яна вырашыла даказаць адваротнае, бо наперадзе яшчэ ўсё жыццё, напоўненае каханнем, гармоніяй і выхаваннем дзетак.


– Больш за тры гады жывём разам. У многіх людзей у гэты час цукерачна-букетны перыяд даўно закончыўся. Мой жа муж па-ранейшаму ўважлівы, – прызнаецца жонка. – Да Дня настаўніка з вечара падрыхтаваў падарунак, а раніцай павіншаваў. На кожнае свята – абавязкова кветкі і цукеркі. Гэта так прыемна адчуваць сябе каханай.


– Што ж ты мяне ўсё хваліш, Юля, пра сябе раскажы, – хвалюецца Сяргей. – Вось як на святы прыдумваеш што-небудзь незвычайнае. На мой дзень нараджэння зрабіла на дзвярах стрэлачкі, каб я знайшоў загадку, адгадаў яе і адшукаў падарунак. Добра паганяла мяне тады па хаце.


Пасмяяўшыся разам з гаспадарамі, пагаварыўшы яшчэ крыху, пакідаю іх у прыўзнятым настроі. Перад вачыма ўяўляецца такая сямейная ідылія: вячэра, уся дружная сям’я сабралася за сталом. За смачнай ежай маці дзеліцца навінамі, назіраючы, які шчаслівы ў гэты момант бацька, а той аж свеціцца ад шчасця, што побач усе яго любімыя людзі.


…Ужо праз тыдзень маладая сям’я будзе змагацца за званне лепшай вясковай сям’і ў рэспубліцы. Наперадзе выніковая бітва. Вядома, яны хвалююцца, бо столькі клопатаў было, падрыхтоўкі. Настрой ва ўсіх баявы. Дык пажадаем нашым Адамовічам поспехаў, каб яны гэтак жа годна паказалі сябе і на фінальным этапе. Трымайцеся, мы з вамі!



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *