27 мая в агрогородке Островно Бешенковичского района прошёл Троицкий фестиваль

Событие

27 мая ў аграгарадку Астроўна прайшло II Раённае свята духоўнай культуры і народнай творчасці «Траецкі фестываль». У мінулым годзе, упершыню рыхтуючыся да правядзення мерапрыемства, яго ініцыятар і арганізатар дырэктар мясцовай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Эдуардаўна Уліціна ў душы спадзявалася, што фестываль здабудзе вялікую папулярнасць сярод жыхароў Астроўна і не толькі. І, трэба сказаць, надзеі гэтыя апраўдаліся. Па прыблізных падліках праваахоўнікаў, якія неслі ў гэты дзень службу па забеспячэнні грамадскага парадку ў цэнтры аграгарадка, свята наведалі каля 600 чалавек.
Зранку ў Свята-Траецкай царкве аграгарадка Астроўна была адслужана Боская літургія. Дарэчы, свята Тройцы лічыцца днём нараджэння Хрысціянскай царквы, таму што з гэтага часу апосталы сталі прапаведаваць хрысціянства ў розных краінах. Гэта адзіны дзень у годзе, калі праваслаўны храм упрыгожваюць свежаскошанай травой і галінкамі бярозак.
Пад разгалістымі сімваламі Тройцы на супольную малітву з нагоды прастольнага свята галоўнага праваслаўнага храма астровенскага краю сабраліся багамольцы, жыхары і госці аграгарадка. Вялікім падарункам для ўсіх стаў прыезд перасоўнай званіцы.  Самыя ўдзячныя слухачы і непасрэдныя ўдзельнікі работы званіцы былі, вядома ж, дзеці. Але і ў дарослых  узнікала дзіцячая радасць ад гучання званоў.
Бліжэй да поўдня на пляцоўцы каля Астровенскага СДК разгарнуліся выставы майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вялікую цікавасць гасцей свята выклікалі работы Людмілы Пятроўскай, Віталя Кляменцьева, Таццяны Блахіной, Жанны Фёдаравай. Як заўсёды мнагалюдна было каля сувеніраў, якія на фестываль прывезлі работнікі раённага Дома рамёстваў. Амаль ніхто не змог адмовіцца ад пачастункаў, прыгатаваных удзельнікамі народнага клуба аматараў нацыянальнай кухні, фальклору і гульні «Бараболя» Вярхоўскага СДК. Плёнам сваёй творчасці з наведвальнікамі фестывалю дзяліліся таксама педагогі і выхаванцы нядзельнай школы храма іконы Божай Маці «Знахаркі» г. Віцебска.
Асабіста мяне, а я думаю, і многіх гасцей свята сваёй глыбінёй і прыгажосцю ўразілі карціны Юрыя Сергіенкі, члена «Беларускага саюза мастакоў», аб’яднаныя ў выставу пад назвай «Астроўна вачыма мастака». У гэтыя мясціны Юрый Пятровіч перабраўся не так даўно — у студзені. Сам ён з Брэсцкай вобласці. Сюды прыехаў да дачкі Святланы.
— Малюе мой тата з ранняга дзяцінства, — ахвотна распавяла нам Святлана Юр’еўна. — І нягледзячы на ўжо салідны ўзрост (у сакавіку яму споўнілася 80 гадоў), ён працягвае тварыць. Усе гэтыя карціны ён намаляваў літаральна за пару-тройку месяцаў. За кожную з іх браўся з велізарным запалам, так натхніў яго наш  край.
Тут жа, каля культурнага цэнтра аграгарадка, мясцовы магазін «Прыазёрны» арганізаваў гандаль марожаным, газіраванымі напоямі і іншымі прадуктамі. За вольны час дзетак адказвала мастацкі кіраўнік СДК Наталля Васільеўна Крылова са сваімі памочнікамі. Гульнявая праграма ўключала ў сябе самыя разнастайныя конкурсы, скачкі на батуце — не давалі сумаваць нікому. Уразіў прыезд юных наезніц з аграсядзібы «Крыніца белых азёр», што знаходзіцца ў в. Пушкары. Ад жадаючых пакатацца на грацыёзных жывёлах не было адбою.
Тым часам у актавай зале СДК са спектаклямі выступалі дзіцячыя тэатральныя калектывы Астровенскай школы, нядзельных школ пры храме Святога Прарока Ільі г. п. Бешанковічы і «Знахаркі» г. Віцебска. Пасля адбылося ўрачыстае адкрыццё «Траецкага фестывалю», якое плаўна перайшло ў канцэрт духоўнай музыкі. На сцэну выходзілі вакальныя, танцавальныя, музычныя калектывы і салісты ўстаноў культуры, сярэдніх і нядзельных школ Бешанковіцкага, Сенненскага і Лепельскага раёнаў, а таксама Віцебска. Па завяршэнні канцэрта ўсе яго ўдзельнікі былі адзначаны граматамі ад аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.
З вялікім поспехам ужо на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы, якая размясцілася на свежым паветры, прайшоў канцэрт народных і фальклорных калектываў. А потым усіх гасцей і ўдзельнікаў «Траецкага фестывалю» накармілі смачнай рыбацкай юшкай і яечняй, якія сімвалізуюць у першым выпадку шчодрасць мясцовых азёр, у другім — сагравальнае сонца.
Песні, танцы, конкурсы, віншаванні, смачныя пачастункі… Тут панавала ўсеагульнае яднанне. Несумненна, арганізатарам фестывалю ў чарговы раз атрымалася перадаць людзям галоўную ідэю свята — урачыстасць дабра, міласэрнасці і памяркоўнасці. І хто ведае, можа, ужо ў наступным годзе раённае свята духоўнай культуры і народнай творчасці «Траецкі фестываль» у Астроўне збярэ яшчэ больш удзельнікаў і гасцей. А там і да абласнога ўзроўню недалёка…



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *