С полей УП «Свитино-ВМК» собирают хороший урожай хлеба

В трудовых коллективах Главное Заботы сельские

Пакуль надвор’е спрыяе, працаўнікі УП «Свіціна-ВМК» спяшаюцца ўбраць хлеб, тым больш, што ўраджай паспеў добры — 31 ц/га. На палі гаспадаркі штодзень выплываюць 8 магутных агракараблёў.
Па дадзеных на 9 жніўня, свіцінцы намалацілі 2827 тон збожжа.

Камбайнер А. А. Шкялёнак і вадзіцель У. В. Прошчанка.

У лідарах жніва, як заўважыла дырэктар Л. П. Мамойка, — малады і перспектыўны Аляксандр Аляксандравіч Шкялёнак (між іншым, удзельнік раённага этапу праекта «Уладар сяла», у якім яго сям’я заняла трэцяе месца). Працаўніка мы заспелі на полі ля Сватаўкі, дзе адзін за адным статна плылі камбайны (ішла актыўная ўборка зернебабовых). Хоць шчыруе толькі трэці сезон, на сваім «КЗС-1218», што перайшоў яму «ў спадчыну» ад вопытнага камбайнера У. В. Прошчанкі, мужчына намалаціў 439 тон збожжа. Дзевяць бункераў за дзень напаўняе.

— А чаму б і не пастарацца! — кажа Аляксандр Аляксандравіч. — Гаспадарка выдзеліла жыллё, ды і зарплата высокая, хоць, вядома, яна залежыць ад намалоту. Больш за 55 рублёў — гэта толькі за дзень можна зарабіць. За добра праведзеную пасяўную старанныя механізатары мелі ў кішэні па 1300 рублёў, а то і болей.

Поруч шчыруюць камбайнеры Юрый Рыгоравіч Галай, Аляксандр Аляксандравіч Воранаў, Аляксей Уладзіміравіч Шчука, Анатоль Аляксандравіч Мачыха і тры экіпажы: Віктар Мікалаевіч Дарожка, памочнікам у яго — Уладзіслаў Казак, навучэнец Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа (у свіцінскіх рупліўцаў хлопец праходзіць практыку), Фёдар Фёдаравіч Заяц з Васілём Васільевічам Грахоўскім, а таксама браты Скрабнеўскія — Канстанцін Алегавіч і Мікіта Алегавіч.

Уборачная — камандная справа. Рух тут ніколі не спыняецца. Свой фронт работ ведаюць усе. Адны перажываюць, як намалаціць, у другіх галава баліць, як даставіць «залаты» груз на збожжаток. На адвозцы лідзіруе Уладзімір Віктаравіч Прошчанка і яго «МАЗ-555102» (перавёз 989 тон збожжа і рапсу). На гэтым відзе работ занятыя яшчэ Мікалай Аляксеевіч Дрозд і Аляксандр Міхайлавіч Васёха на аўтамашынах «МАЗ-555142».

Не ўтрымаліся мы, каб не зазірнуць на зернесушылку, дзе таксама кіпіць праца. Палюбаваліся «залатымі» горамі. Сваёй чаргі на сушыльную ўстаноўку «М-819» тут чакалі пшаніца і ячмень. Туды-сюды снаваў, зноў і зноў напаўняючы коўш збожжам, «Амкадор-352С», за штурвалам якога многім ужо знаёмы механізатар Іван Аляксеевіч Чачанец. Аператары на ўстаноўцы — сямейны тандэм братоў Пішчэйкаў, Сяргея Эдуардавіча і Юрыя Эдуардавіча. На зернеачышчальнай машыне «Пектус» заняты Аляксандр Уладзіміравіч Шчука. Адвозіць прасушанае і ачышчанае збожжа ў сховішча Міхаіл Васільевіч Пішчэйка.

Дырэктар сваімі працаўнікамі ганарыцца, хваліць іх. І праўда, ёсць за што. Прырода аддзячвае шчодрым ураджаем, але даглядаюць і збіраюць яго людзі. Дарэчы, як паведаміла Людміла Пятроўна, жыццядзейнасць насення пшаніцы «Ядвіся», праверанага ў лабараторыі, знаходзіцца на высокім узроўні — 98%.

…Пыл, спёка і вецер у твар. Хто сказаў, што збожжа не пахне? Таму, хто з раніцы да ночы назапашвае яго, вядомы водар, такі прыемны, такі салодкі. На полі ці зернесушылцы, на камбайне ці трактары, але шчыруюць свіцінцы зладжана, сябе не шкадуюць, бо кожнаму вядома, што іх сілай маленькае зярнятка паступова становіцца гарычым духмяным хлебам.
Марыя САНЬКО.

Ідзе загрузка сушыльнай устаноўкі.


Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *