День работников сельского хозяйства отметили в Бешенковичах (ФОТО)

Актуально Главное Заботы сельские

У мінулую пятніцу лепшых працаўнікоў вёскі Бешанковіччыны ўшаноўвалі на свяце,
прысвечаным Дню работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. На мерапрыемства сабраліся кіраўнікі і перадавікі сельгаспрадпрыемстваў раёна.
Прафесійнае свята – своеасаблівы момант ісціны. Бо па традыцыі ў гэты дзень прынята падводзіць вынікі. Кожная гаспадарка ўвесь сезон літаральна выкладвалася на ўсе 100, імкнулася працаваць на свой каравай. А разам – на адзін агульны. І прымаў яго першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч. Звяртаючыся да прысутных у зале, Сяргей Генадзевіч адзначыў, што рукамі работнікаў аграпрамысловага комплексу забяспечваецца дабрабыт і харчовая бяспека Бешанковіцкага раёна. Работнікі сельскагаспадарчай галіны сваёй справай захоўваюць шматгадовыя традыцыі чалавека працы, з пакалення ў пакаленне перадаюць вялікую любоў да роднай зямлі.

Не кожны чалавек здольны працаваць у вёсцы, гэтая праца спецыфічная і патрабуе да сябе асаблівых адносінаў. Такая самаадданасць вартая захаплення і павагі. Пажадаўшы ўсім моцнага здароўя, дабрабыту і сямейнага шчасця, С. Г. Акуневіч уручыў заслужаныя ўзнагароды лепшым прадстаўнікам сельскагаспадарчай галіны раёна. Граматы, падзякі і падарункі атрымалі некалькі дзясяткаў працаўнікоў сферы сельскай гаспадаркі раёна, якія ўнеслі значны ўклад у сістэму аграпрамысловага комплексу.

Паднімаючыся адзін за адным на сцэну, віноўнікі ўрачыстасці крыху бянтэжыліся з-за празмернай увагі. І гэта заканамерна, бо яны з ліку тых, хто заўсёды выконвае сваю працу без лішніх слоў, адразу бярэцца за даручаную справу, а не красуецца на людзях. Дзякуючы менавіта гэтым працавітым і добрасумленным людзям, мы маем на стале не толькі смачны хлеб, але і балуем сябе рознага выгляду прадукцыяй. Праца аграрыяў зусім не лёгкая, але кожны, хто прыйшоў на свята, можа з гонарам заявіць, што вельмі любіць гэтую справу, а яе плён дае стымул для далейшай плённай працы.

Свята вяскоўцаў было ўпрыгожана выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці Бешанковіцкага раёна. Галоўныя героі ўрачыстасці ўдзячныя арганізатарам мерапрыемства за магчымасць адпачыць і пагутарыць у нязмушанай абстаноўцы.

[gmedia id=1]



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *