Учитель информатики Бешенковичской СШ №2 Владислав Кулешов отмечает профессиональный праздник

В трудовых коллективах Важное Образование

Кажуць, што педагог – не прафесія, а прызванне. Прысвяціць жыццё высакароднай мэце, перадаць веды, дапамагчы людзям знайсці «сваё» прызначэнне – гэты шлях не для ўсіх. Хтосьці паступае ў педагагічныя каледжы ці вну пад уплывам сямейных традыцый, хтосьці выбірае будучую прафесію па прыкладзе школьных настаўнікаў, але кожны – свядома, самастойна, па імкненні душы.

Урач лечыць, будаўнік узводзіць дамы. А хто такі педагог? Той, хто выхоўвае асобу, вучыць крытычна ставіцца да ўласных думак і думак іншых. Ён і мудрэц, і надзейны таварыш, а яшчэ – той, у каго сітуацыя «першы раз у першы клас » здараецца двойчы ў жыцці: калі прыходзіць у школу вучнем, а праз шмат гадоў – маладым настаўнікам. Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з У. А. Куляшовым, які выкладае інфарматыку ў СШ №2 райцэнтра.

– У школе я працую пакуль яшчэ толькі другі год, – пачаў размову малады педагог. – Вучыўся ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава. Пасля размеркавання трапіў сюды. Чаму менавіта інфарматыка? Да яе душа імкнулася яшчэ ў школьныя гады. Моладзь, якая прыходзіць у школу, усё ж бліжэй да старшакласнікаў, чым да сваіх дасведчаных калег. Бывае цяжка дасягнуць той тонкай грані ўзаемаразумення, калі дзеці бачаць у табе не толькі настаўніка, але і сябра, пры гэтым не губляючы павагі як да старэйшага і як да педагога. Лічу, што мне пашанцавала: і ў калектыве прынялі лагодна, і з вучнямі агульную мову знайшлі. Заняткі ў нас пачынаюцца звычайна з «камп’ютарных навін». Дзеці расказваюць, што новага ў свеце камп’ютарных тэхналогій, пра што яны даведаліся самастойна, а не на ўроку. На маю думку, адна гадзіна інфарматыкі на тыдзень – мала. Сучасны чалавек таксама як умець чытаць і пісаць павінен ведаць праграміраванне, бо так патрабуе час.

Уладзіслаў Андрэевіч, акрамя таго, што педагог, яшчэ і спартсмен (захапляецца футболам), цікавіцца рознымі конкурсамі. У мінулым навучальным годзе, напрыклад, прыняў удзел у абласным конкурсе вучэбнага відэа «Я тлумачу гэта так!». Яго работа «Выкарыстанне лагічных аперацый для пабудовы пошукавых запытаў у інтэрнэце» заняла другое месца. Зімой наш субяседнік удзельнічаў у конкурсе «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», два месяцы працаваў над стварэннем электронна-адукацыйнага рэсурсу па вучэбным прадмеце «Геаграфія», распрацаваў базу тэстаў.
Асаблівую радасць педагогу прыносяць поспехі вучняў. Кірыл Шынкевіч (цяпер васьмікласнік) у сакавіку прыняў удзел у раённым этапе прадметнай алімпіяды. Юны інфарматык атрымаў дыплом другой ступені.
– Урокі, канспекты, праграмы і планы, конкурсы, спартыўныя мерапрыемствы, факультатывы і гурток па камп’ютарнай графіцы – гэта маё жыццё, – прызнаецца Уладзіслаў Андрэевіч. – Ёсць любімая справа, дзе я знаходжуся ў пастаянным пошуку, бо зразумеў галоўнае – настаўнік павінен увесь час самаўдасканальвацца, каб быць цікавым для сваіх вучняў. Немагчыма выказаць тое задавальненне, калі бачыш іх дапытлівы погляд, чуеш радасныя воклічы, адчуваеш, з якім жаданнем ідуць на ўрокі. А такія моманты, калі дзеці самі вырашылі задачу новым спосабам, які ім яшчэ не тлумачыўся, дык увогуле самыя прыемныя ў жыцці настаўніка. Гэта натхняе, асабліва тады, калі, здаецца, ужо не стае сіл. Узгадаю шчаслівыя твары сваіх вучняў і з новай энергіяй пачынаю наступны навучальны дзень.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *