«Ульяночка» отметила юбилей творческой деятельности

Актуально Важное Общество

Ульскі сельскі Дом культуры даўно стаў для вяскоўцаў месцам, дзе
жыхары аграгарадка і навакольных вёсак з задавальненнем праводзяць свой вольны час. І вось роўна 20 гадоў таму назад пад дахам гэтага дома «нарадзіўся» выдатны калектыў – народны ансамбль народнай песні «Ульяначка». Падабралася таленавітая каманда, улюблёная
ў прыгожую музыку, і адправіўся песенны карабель у плаванне,
і панеслі артысты на алтар мастацтва сваю творчасць…

У апошнія дні 2018 года  калектыў вырашыў  адзначыць свой юбілей выязным канцэртам і адправіўся ў СДК аграгарадка Бачэйкава са святочнай праграмай. Вяскоўцы прымалі артыстаў-юбіляраў шчодрымі воплескамі, а ўзамен за добрую музыку дарылі цеплыню сваіх сэрцаў.
Народны ансамбль народнай песні «Ульяначка» быў створаны ў 1998 годзе і ў першы год сваёй творчай дзейнасці заваяваў папулярнасць у мясцовых жыхароў. За высокае выканаўчае майстэрства ў 2001 годзе ансамблю прысвоена званне «народны».

З 2014 года кіруе народным ансамблем народнай песні «Ульяначка» Ігар Міхайлавіч Леднік. Таленавіты, энергічны чалавек, натхнёная натура – ён карыстаецца павагай сярод удзельнікаў калектыву і калег па сцэне. Хачу вам адкрыць сакрэт пра ўдзельнікаў гэтага ансамбля: розныя па характары і ўзросце, сферы дзейнасці – яны заўсёды закаханыя! Закаханыя ў сваю справу, і як, напэўна, заўважылі гледачы, робяць яе з душой і натхненнем.

Ансамбль «Ульяначка» не заседжваецца ў сценах свайго роднага Дома культуры, ён вядзе актыўную творчую дзейнасць, падтрымлівае сяброўскія адносіны з рознымі творчымі калектывамі. За 20 гадоў творчай гісторыі народны ансамбль народнай песні «Ульяначка» ўпрыгожваў канцэртныя праграмы аграгарадка Ула, раёна і вобласці, а таксама выступаў на пляцоўках і падворках фестывальнага Віцебска.

Быў узнагароджаны Дыпломам за ўдзел у адкрыцці абласнога свята «Горад майстроў» у межах ХХІІ Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». Адзначаны дыпломамі за ўдзел у абласным конкурсе тэматычных тэатралізаваных пляцовак, брэндаў раёнаў і гарадоў у межах ХХVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», а таксама за ўдзел у абласным фестывалі-кірмашу працаўнікоў вёскі Віцебскай вобласці «Дажынкі-2014».

Рэпертуар калектыву разнастайны: беларускія народныя песні, аранжыроўкі сучасных твораў, патрыятычныя матывы. Вы ведаеце, пра песню можна казаць бясконца доўга. Бо песня – «душа народа». Ансамбль «Ульяначка» – гэта адзіны, зладжаны арганізм, і тым не менш кожны ўдзельнік калектыву – самастойная творчая асоба. Гэта сваім выхадам на сцэну пацвердзілі салісткі ансамбля Людміла Цюлькова, Святлана Карабань, Наталля Сцепанец. Віртуознай ігрой на баяне парадаваў гледачоў мастацкі кіраўнік Ігар Леднік.

Вядома ж, у такі святочны дзень не абышлося без віншаванняў ад калег-культработнікаў. З музычнымі падарункамі на творчы вечар «Ульяначкі» завіталі калектывы мастацкай самадзейнасці сельскіх Дамоў культуры аграгарадкоў Бачэйкава і Дразды, музычныя нумары падрыхтавалі і суседзі – артысты РЦК г. Чашнікі і Іванскага Дома фальклору.
20 гадоў творчай дзейнасці – добрая круглая лічба, і яна кажа пра тое, што калектыў склаўся і быў правераны на трываласць на хвалях жыцця. Такі юбілей – дата паказальная: ансамбль народнай песні «Ульяначка» ўжо шмат чаго дамогся і яшчэ многія вяршыні трэба заваяваць. Калектыў поўны задум і надзей, дык давайце дружна пажадаем, каб усе яны ажыццявіліся. Росквіту вам, шаноўныя артысты, поспехаў і новых творчых перамог!

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги: