31 мая — Всемирный день без табака

Демографическая безопасность Здоровье Общество

Штогод у апошні дзень мая адзначаецца Сусветны дзень без тытуню. Гэтая дата накіравана на прыцягненне ўвагі да рызык для здароўя, звязаных з ужываннем тытуню, а таксама абмеркавання эфектыўных мер па зніжэнні ўзроўню спажывання тытунёвых вырабаў.

Ужыванне тытуню – глабальная эпідэмія, якая з узрастаючай моцай разбурае краіны і рэгіёны, уносіць сваю лепту ў развіццё хвароб насельніцтва, павялічвае інваліднасць, смяротнасць, зніжае прадукцыйнасць працы. Тысячы людзей становяцца ахвярамі гэтага павольнага і ціхага, але бязлітаснага забойцы.

– Як правіла, курыльшчыкі ўпэўнены ў тым, што спецыфічнай хваробы, якая ўзнікае толькі ад курэння, не існуе. Але прадукты курэння, у першую чаргу нікацін, паражаючы нервовую, сардэчна-сасудзістую сістэмы, органы дыхання, стрававання, вядуць да развіцця розных захворванняў, – зазначае псіхіятр УЗ «Бешанковіцкая ЦРБ» Алена Іванаўна Скрабло. – У іх ліку – цяжкія бранхіты, туберкулёз, рак лёгкіх, атэрасклероз, гіпертанія, ішэмічная хвароба сэрца, інфаркт міякарда і іншыя. Нікацін хутка ўключаецца ў працэсы абмену рэчываў і становіцца неабходным. Вось чаму цяжка кінуць курыць, арганізм сам патрабуе чарговай порцыі атруты. Фільтры затрымліваюць толькі невялікую частку ядавітых рэчываў (ад 25 да 50% канцэрагенаў).

Статыстыка сведчыць, што 90% выпадкаў раку лёгкіх і 80% раку гартані – таксама вынікі курэння. Са 100 выпадкаў туберкулёзу 95 прыпадае на курцоў. Тыя, хто доўгі час і многа курыць, у 13 разоў часцей хварэюць на стэнакардыю, у 12 разоў – на інфаркт міякарда, у 10 разоў – на язву страўніка. Штогод у свеце адзначаецца да 10 мільёнаў выпадкаў бранхіяльнай астмы, якая непасрэдна звязана з пасіўным курэннем. Такім чынам, курэнне ператварылася ў сур’ёзную пагрозу здароўю на нацыянальным узроўні.

Згодна з атрыманымі летась дзяржаўнай установай «Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя» падчас апытання беларусаў дадзенымі, у рэспубліцы курыць 27,9% насельніцтва ва ўзросце 16 год і старэй, з іх: пастаянна курыць 17,8%, ад выпадку да выпадку – 10,2%. Доля рэспандэнтаў, якія кінулі курыць, склала 14,6%, з іх 10,4% адмовіліся ад курэння больш як два гады назад, 4,2% – на працягу апошніх двух гадоў.

Размеркаванне курцоў у залежнасці ад полу выглядае наступным чынам: сярод мужчын доля тых, хто ўжывае тытунь «пастаянна» і «ад выпадку да выпадку» складае 43%, доля жанчын-курцоў – 15,6%. Доля тых, хто курыць «пастаянна», у групе мужчын складае 30,6%, у групе жанчын – 7,2%; доля курцоў «ад выпадку да выпадку» сярод мужчын складае 12,4%, сярод жанчын – 8,4%. На працягу апошніх двух гадоў змаглі адмовіцца ад тытуню 5,4% мужчын, 3,3% жанчын.

Між тым, курэнне – не фізіялагічная патрэба чалавека. Гэта ўсяго толькі звычка, якая вельмі шкодзіць здароўю. А ў наш час модна і хочацца быць здаровым.
Па ўсіх пытаннях прафілактыкі і лячэння тытунёвай залежнасці можна звяртацца на «тэлефон даверу» Бешанковіцкай ЦРБ па нумары 6-50-35, а таксама ў Віцебскі абласны клінічны цэнтр псіхіатрыі і наркалогіі (8(0212) 61-60-60) ці Лепельскую абласную клінічную бальніцу (8(02132) 3-21-86).

Не давайце тытуню шансу ўзяць вас у палон, кідайце курыць!

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги: