Инна Миленко из ЗАО «АСБ-Агро Новатор» стала лучшей дояркой области

В трудовых коллективах Главное

Рабіць справу з поўнай аддачай і любоўю, на палове шляху не спыняцца, нягледзячы на абставіны, інакш не будзе ні задавальнення ад працы, ні дасягненняў, з радасцю сустракаць новы дзень і натхняць сваім прыкладам маладое пакаленне жывёлаводаў – гэта якраз у характары І. М. Міленкі, што працуе аператарам машыннага даення на ферме «Саннікі» ЗАТ «ААБ-Агра Наватар».

І. Міленка прымае ўзнагароду ад Я. Фіешка.

Нарадзілася Іна Мікалаеўна ў сям’і, дзе без кубачка сырадою жыцця не ўяўлялі, ды і лёс распарадзіўся так, што ўся яе працоўная біяграфія звязана з вытворчасцю малака. Тры з паловай дзесяцігоддзі жанчына шчыруе ў сельскай гаспадарцы. За гэты час на долю выпала нямала выпрабаванняў і, дзякуй Богу, хапіла сілы іх пераадолець, бо ўсё ж Іна Мікалаеўна – чалавек з моцным унутраным стрыжнем, яна ўпэўнена крочыць па жыцці.

За добрасумленную высокапрадукцыйную працу, нарошчванне аб’ёмаў і дасягненне лепшых паказчыкаў па выніках дзейнасці за сакавік І. М. Міленка нават стала лепшай даяркай вобласці. Заслужаную ўзнагароду – дыплом, грашовую прэмію і салодкі прыз – наватарскай працаўніцы ўручыла старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешка.

Трэба сказаць, што акрамя працы радасць і сэнс існавання гэтай жанчыны – чацвёра дзяцей і дзесяць унукаў. Сыны Уладзімір і Дзмітрый перанялі матчыну любоў да роднай зямлі і звязалі жыццё з сельскай гаспадаркай. Штогод іх імёны з’яўляюцца на старонках раённай газеты ў ліку перадавікоў, лідараў жніва…

Несумненна, прыемна бачыць сярод пераможцаў прозвішчы знаёмых даярак і механізатараў, што сваёй самаадданай працай пацвярджаюць званне лепшых у гаспадарцы, раёне, вобласці. Спадзяемся, што кола рупліўцаў будзе толькі пашырацца (па-іншаму і быць не можа, калі да працы падыходзіць з усёй душой), а мы ўжо абавязкова пазнаёмім нашых чытачоў з новымі перадавікамі. Поспехаў вам, бешанковіцкія жывёлаводы, у нялёгкай, але ўсім патрэбнай працы!

Марыя САНЬКО.



Теги: