Бешенковичские медики принимали поздравления

"Стоп: Сovid-19! " Актуально В трудовых коллективах

Падчас пандэміі бешанковіцкія медыкі прайшлі сур’ёзную праверку на трываласць. Яны ўжо ведаюць, як паводзіць сябе вірус, што трэба рабіць, каб пацыент стаў на ногі, гатовы змагацца з наступствамі хваробы. Для іх, зямных анёлаў, кругласутачныя працоўныя змены, адмысловы «дрэс-код» з індывідуальнымі сродкамі абароны і пастаяннае напружанне сталі звыклымі рэчамі.

— Нашы медработнікі на працягу некалькіх месяцаў штодня сутыкаліся з небяспечнай хваробай, рызыкуючы сваім жыццём дзеля землякоў, — адзначыла падчас урачыстай сустрэчы ў актавай зале ЦРБ яе галоўны ўрач Святлана Аляксандраўна Рошчына. — У гэтым годзе давялося працаваць у нязвыклых умовах, і вы паказалі, што не баіцеся цяжкасцей, што ў любых сітуацыях залатое правіла застаецца нязменным — ратаваць і берагчы здароўе людзей. Толькі сіла волі, прафесійны абавязак дапамаглі нам выстаяць у барацьбе з новай інфекцыяй.
Заслужаныя ўзнагароды і кветкі работнікам УАЗ «Бешанковіцкая ЦРБ» уручыў намеснік старшыні райвыканкама Г. А. Філіпенка.


— Ад імя кіраўніцтва раёна і ўсіх жыхароў Бешанковіччыны хачу выказаць вам падзяку за дзясяткі выратаваных жыццяў, — звярнуўся да медыкаў Генадзь Аляксандравіч. — Тая няпростая праца, якую вы зрабілі за апошнія некалькі месяцаў, сапраўды неацэнная. Хачу адзначыць прафесіяналізм вашага калектыву, зладжаннасць у дзеяннях не толькі ўрачоў, але і сярэдняга, малодшага медперсаналу.

Граматы Міністэрства аховы здароўя ўдастоена медсястра паліклінікі Людміла Генадзьеўна Жуковіч. Ганаровымі Граматамі Бешанковіцкага райвыканкама ўзнагароджаны медсястра інфекцыйнага аддзялення Людміла Антонаўна Дзеусава, медсястра прыёмнага пакоя Надзея Анатольеўна Парфёнава, медсястра тэрапеўтычнага аддзялення Ірына Васільеўна Палеснікава і медсястра ўчастковая паліклінікі Таццяна Аляксееўна Шыпуля. Падзяка старшыні райвыканкама аб’яўлена ўрачу анестэзіёлагу-рэаніматолагу аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі Вользе Мікалаеўне Карпавай. Ганаровыя граматы галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама ўручаны медсястры тэрапеўтычнага аддзялення Вользе Альбертаўне Булыні, медсястры дзіцячага аддзялення Людміле Анатольеўне Кладавай, медсястры прыёмнага пакоя Эле Сяргееўне Грыб і ўрачу-тэрапеўту (загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення) Яўгену Міхайлавічу Петрачэнкаву.

Не абышлі ўвагай падчас сустрэчы і тэму прэзідэнцкіх выбараў. Генадзь Аляксандравіч заклікаў медыкаў паставіцца да гэтай палітычнай кампаніі з разуменнем і зрабіць усвядомлены выбар. Прадстаўнік улады падкрэсліў, што выбары — гэта магчымасць для кожнага грамадзяніна выказаць уласнае волевыяўленне.

Кацярына ПЕТУХОВА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *