Отмечать День белорусской письменности будут и в Бешенковичском районе

Важное День белорусской письменности К сведению

Штогод у першую нядзелю верасня краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Традыцыйна нацыянальнае свята праводзіцца
ў гарадах — цэнтрах асветы, культуры і кнігадрукавання, месцах з багатай гістарычнай спадчынай, з якімі непарыўна звязаны жыццё і дзейнасць славутых дзеячаў Беларусі розных часоў. Сёлета XXVI Дзень беларускага пісьменства прымае адзін з самых старажытных беларускіх гарадоў — Слонім (Гродзенская вобласць).

Але ўрачыстасці праходзяць не толькі ў сталіцы свята, а і па ўсёй рэспубліцы. Гэта тэматычныя ўрокі, лекцыі, семінары, творчыя сустрэчы з вучонымі, пісьменнікамі, дзеячамі культуры, педагогамі. Цэнтральнымі падзеямі фэсту ў Слоніме стануць цырымоніі адкрыцця і закрыцця (падчас апошняй адбудзецца перадача эстафеты г. Бялынічы Магілёўскай вобласці), а таксама ўзнагароджванне пераможцаў Нацыянальнай літаратурнай прэміі. Святочныя мерапрыемствы разгорнуцца адразу на 16 пляцоўках — літаратурнай, тэатральнай, маладзёжнай з забаўляльнымі зонамі, рамеснай, падворках нацыянальнай кухні і г. д. У гістарычным цэнтры горада будзе ўрачыста адкрыты чатырохметровы помнік легендарнаму Льву Сапегу (дарэчы, нашаму земляку, ураджэнцу в. Астроўна Бешанковіцкага раёна). Урачыста пройдзе і цырымонія гашэння канверта з арыгінальнай маркай «Дзень беларускага пісьменства».

Актыўна рыхтуюцца да свята слова і на бешанковіцкай зямлі. З першага дня восені і на працягу ўсяго тыдня цікавыя сустрэчы з кнігай адбудуцца ў храмах ведаў. Цэнтральная раённая бібліятэка яшчэ з 20 жніўня арганізавала выставу-прагляд «Беларускае пісьменства: ад вытокаў да сучаснасці», раённая дзіцячая плануе рандэву з кнігай «Ад азбукі да буквара». У нядзелю Бешанковіцкая гарпасялковая парадуе сваіх наведвальнікаў гістарычным экскурсам «Славутыя імёны Бацькаўшчыны». На літаратурныя гасцёўні «Жывое слова беларускае» і «Мова, што маці мне дала» запрашаюць Бачэйкаўская сельская бібліятэка імя Б. П. Беляжэнкі і Задарожская сельская бібліятэка 3 і 7 верасня адпаведна. У гэты ж дзень гадзіну гісторыі «Усё пачалося з таблічкі, світка, бяросты…» рыхтуе Ульская сельская бібліятэка, Палітаддзельская сельская здзівіць сваіх гасцей днём ведаў «Скарынаву кнігу ў вечнасць пусціць», а Сокараўская сельская бібліятэка-клуб чакае школьнікаў на духоўна-асветніцкую гутарку «Сімяон Полацкі — вялікі беларускі асветнік».

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *