Первыми тысячу тонн зерна намолотили новаторские комбайнеры В. Пехото и А. Нечай

Важное Заботы сельские Уборочная - 2019

Моманту, калі ў раёне вызначыцца першы экіпаж-тысячнік, з нецярпеннем чакалі ўсе, для нас жа, журналістаў, дадзеная падзея стала выдатнай інфармацыйнай нагодай для напісання ледзь не самага важнага матэрыялу жніўня. У пятніцу, пасля абеду, у рэдакцыі раздаўся званок: «Усё, яны гэта зрабілі! Малайцы! Едзем віншаваць!», – словы старшыні райкама прафсаюза работнікаў АПК Я. С. Фіешкі паклікалі нас у дарогу. На поле паблізу вёскі Задарожжа (тут свае апошнія тоны адправіў у бункер тысячны экіпаж) мы адправіліся разам з першым намеснікам старшыні райвыканкама С. Г. Акуневічам. У складзе «дэлегацыі» з райцэнтра былі таксама спецыялісты ўпраўлення райсельгасхарчу.

Першымі тысячу тон збожжа намалацілі камбайнеры ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» Уладзімір Валер’евіч Пяхота і Антон Пятровіч Нячай. У тым, што менавіта гэты экіпаж дасягне доўгачаканай мэты першым, ніхто не сумняваўся. З пачатку ўборачнай кампаніі менавіта гэтыя земляробы былі нязменнымі лідарамі жніва. Следам за Пяхотам і Нячаем ідуць таксама наватарскія камбайнеры Мікалай Аляксандравіч Мічтоў і Юрый Алегавіч Аксёнаў, да запаветнай тысячы тон ім на той момант не хапала зусім мала, а ўжо ўчора стала вядома, што яны здолелі ўзяць тысячны рубеж.

                                Поздравления хлеборобу от ансамбля народной песни  «Весялуха»

Пакуль арганізатары выязнога мерапрыемства рыхтаваліся да правядзення ўрачыстасці, Уладзімір Пяхота (на жаль, яго напарнік Антон Нячай адсутнічаў у гэты дзень па ўважлівай прычыне) на магутным «КЗСе» паспеў зноў напоўніць бункер збожжам. І вось аб’яўляецца кароткі перапынак. С. Г. Акуневіч і Я. С. Фіешка павіншавалі хлебароба з працоўнай перамогай і ўручылі яму падарункі.
Да ўшанавання тысячніка далучыліся і ўдзельнікі ансамбля народнай песні «Весялуха». Артысты выканалі для віноўніка ўрачыстасці песню. Толькі падпяваць камбайнеру не было калі: шэптам паспелых каласоў яго клікала ніва.

– У полі мы не сапернічаем, а стараемся працаваць адной камандай, – кажа Уладзімір Валер’евіч. – Усе ж працуем на агульны вынік!
А яго ў гаспадарцы, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я, чакаюць нядрэнным. На ўчарашні дзень наватарцы намалацілі 9106 тон збожжа, ураджайнасць складае 36 цэнтнераў з гектара, пакуль гэта лепшы паказчык па раёне.

Святлана ВАРОШКА.



Теги: