В Бешенковичском районе с размахом прошли «Жнівеньскія Спасы»

Важное Год малой родины Общество

У самы ўраджайны месяц лета, напоўнены водарам духмяных лугавых траў і садавіны, ушаноўваюцца цэнныя дары прыроды: яблыкі, мёд, арэхі і хлеб – сімвалы трох Спасаў. Кожнае свята мае сваю гісторыю, традыцыі і звычаі, у якіх жыццё народа цесна пераплятаецца з верай. Менавіта таму вось ужо трэці год запар рэгіянальны фестываль духоўнай творчасці і культуры » прайшоў па-асабліваму душэўна і цёпла.

Нягледзячы на гарачую пару (як толькі надвор’е пачало радаваць нас сонечнымі прамянямі, усе накіраваліся на агароды), жыхары аграгарадка Бачэйкава, у цэнтральным парку якога і адбылося свята, усё-такі знайшлі вольны час і прыйшлі на ўрачыстасць. А пачалося святкаванне трох Спасаў яшчэ раніцай – у Спаса-Праабражэнскай царкве прайшла служба, па традыцыі тут асвяцілі свежы ўраджай пладоў і мёду. А бліжэй да поўдня паблізу Бачэйкаўскага СДК разгарнулася асноўнае дзейства.

Шэраг святочных мерапрыемстваў адкрыў конкурс духоўнай творчасці «Божыя іскрынкі». А пакуль дзеці расказвалі вершы, празаічныя творы і паказвалі тэатральныя пастаноўкі на духоўную тэматыку, па ўсім перыметры святочнай пляцоўкі працавалі разнапланавыя выставы.
Увазе гасцей урачыстасці былі прадстаўлены работы майстроў Надзеі Краско і Марыны Протас, вучняў Бачэйкаўскай СШ. Пазнаёміцца з духоўнай літаратурай можна было на выставе «Залаты ключ», падрыхтаванай работнікамі Бачэйкаўскай сельскай бібліятэкі. У чарговы раз здзівілі разнастайнасцю прыгатаваных страў удзельніцы народнага клуба кухні, гульні і фальклору «Бараболя» Вярхоўскага СДК. А ў «Духмяным закутку» клуба аматараў здаровага ладу жыцця «Прырода і здароўе» Свячанскага сельскага клуба-бібліятэкі кожны мог паспрабаваць напоі з цалебных траў.

Сваю творчасць на фестывалі прадставілі і майстры народнага клуба «Скарбонка». У іх можна было не толькі набыць сувенірную прадукцыю, але і згуляць у бяспройгрышную латарэю. Дарэчы, жадаючых паспытаць удачу было нямала, як і паспрабаваць сваімі рукамі зляпіць гліняны гаршчочак або кружку. З гэтым гасцям свята дапамагала Ганна Гудоўская, супрацоўніца раённага Дома рамёстваў, якая з радасцю навучала як дарослых, так і дзяцей ганчарнай справе падчас майстар-класа.

Ну, і як жа без мёду? Яго на ўрачыстасці было ўдосталь. На выставе-продажы «Дзякуй пчолцы руплівай!» некалькі відаў любімых усімі прысмакаў прадставіў клуб аматараў пчалярства «Пчала» раённага Цэнтра культуры.
І вось настаў час урачыстага адкрыцця фестывалю. З прывітальным словам да прысутных звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак і настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Сергій. Павіншаваўшы ўсіх са светлым святам Праабражэння Гасподня, яны ўручылі падарункі ўдзельнікам конкурсу духоўнай творчасці. Пасля чаго пачалося тэатралізаванае прадстаўленне «Спас запрасіў у госці нас!». З музычнымі нумарамі таксама выступілі творчыя калектывы Бешанковіцкага, Чашніцкага і Лепельскага раёнаў, выхаванцы Бешанковіцкай музычнай школы.

З цікавасцю гледачы назіралі за конкурсам на лепшую кухарку сярод жыхарак Бачэйкаўскага сельсавета. Не забыліся культработнікі і пра маленькіх жыхароў аграгарадка. Для іх былі арганізаваны конкурсы, атракцыёны, а таксама продаж цацак, папкорну і салодкай ваты. Завяршыла праграму гулянняў этна-дыскатэка.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *