В Бешенковичском районе дан старт посевной кампании

Важное Заботы сельские

 

Згодна з даўнім павер’ем добраму сельскагаспадарчаму году спрыяе правядзенне традыцыйнай цырымоніі «Засеўкі». У нашым раёне гэты старадаўні рытуал, які сімвалізуе надыход вясны ў жыцці хлебаробаў, прайшоў з удзелам прадстаўнікоў раённай улады, кіраўнікоў і спецыялістаў
сельгаспрадпрыемстваў рэгіёна на полі Ульскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага ліцэя імя
Л. М. Даватара. Такім чынам быў дадзены афіцыйны старт пасяўной кампаніі ў нашым раёне.

Надвор’е ў гэты дзень выдалася сухім і сонечным, яно нібы заклікала аграрыяў не губляць час і прымацца за працу. Мерапрыемства, як таго патрабуе абрад, пачалося з песні. У ёй удзельнікі народнага ансамбля народнай песні «Весялуха» славілі сонца, якое дорыць цяпло, зямлю, якая родзіць ураджай, і працавітых земляробаў. На важную справу сейбітаў блаславіў благачынны цэркваў Бешанковіцкай акругі айцец Мікалай, ён памаліўся за тое, каб Гасподзь дараваў зямлі шчодры ўраджай.
   З урачыстым пачаткам пасяўных работ усіх прысутных павіншавала старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. У той жа час Галіна Уладзіміраўна нацэліла сельгасвытворцаў на плённую працу. «Планы ў нас вялікія, нам неабходна атрымаць ураджай збожжавых не менш за 35 цэнтнераў з гектара, — паставіла задачу кіраўнік раёна. — Каб мець багатыя засекі, каб для жывёлы было корму ўдосталь, трэба аптымальна якасна і ў тэрмін правесці яравую сяўбу».
    У цэлым плошча яравога кліна ў рэгіёне складзе крыху больш за 14 тысяч гектараў. У планах гэтага года — пасеяць 7916 гектараў яравых збожжавых і зернебабовых культур, 1000 гектараў кукурузы на зерне і 3000 гектараў — на сілас, 1334 гектары яравога рапсу, 38 гектараў бульбы і 1036 гектараў аднагадовых траў. Дарэчы, пра тое, наколькі сельгаспрадпрыемствы гатовы да правядзення веснавых палявых работ, ішла гаворка падчас пасяджэння раённага выканаўчага камітэта, якое адбылося крыху раней у вялікай зале райвыканкама. Аграрыям даведзены заданні па сяўбе, агавораны асноўныя моманты гэтай важнай сельскагаспадарчай кампаніі. Падымаліся пытанні і нарыхтоўкі мінеральных угнаенняў, і завяршэння рамонту тэхнікі, і арганізацыі харчавання механізатараў, і многія іншыя.
    У працяг тэмы, ужо звяртаючыся да аграрыяў на полі ліцэя, першы намеснік старшыні райвыканкама С. Г. Акуневіч адзначыў, што цяперашняя сяўба павінна, як ніколі, адрознівацца сціснутымі тэрмінамі і тэхналагічнай дысцыплінай, пры гэтым нельга забываць і пра севазварот.
     Не выпадкова менавіта Ульскаму ліцэю выпаў гонар адкрываць вясновую сяўбу. Установа адукацыі з года ў год радуе гаспадарскім падыходам да зямлі. Дырэктар ліцэя А. А. Пашкевіч, скарыстаўшыся прадастаўленым яму словам, пажадаў калегам аптымізму, бадзёрасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. «Мы ж прыкладзём усе намаганні, каб закласці і вырасціць паўнавартасны колас», — запэўніў Аляксандр Антонавіч.
…І зноў усе акунуліся ў атмасферу старадаўніх абрадавых дзеянняў. У падрыхтаваную для сяўбы глебу ўручную былі кінуты першыя зярняткі… Зараз справа за вамі, хлебаробы!
Святлана ВАРОШКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *