Единый день информирования прошёл в КСПУП «ДроздыАгро»

Актуально В трудовых коллективах Заботы сельские

 Інфармацыйна-прапагандысцкая група №1 пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Г. У. Унуковіч сустрэлася з працоўным калектывам КСВУП “ДраздыАгра”. Размова адбылася на мехдвары ў аграгарадку Дразды.

    Улічваючы наступленне адказнага перыяду для аграрыяў — уборачнай кампаніі, Галіна Уладзіміраўна спынілася на асноўных момантах, якія спрыяюць атрыманню добрага ўраджаю. У першую чаргу, гэта разумны падыход да планавання структуры пасяўных плошчаў. Па словах кіраўніка раёна, не варта грэбаваць такой культурай, як свірэпіца, пра гэта не раз казаў і старшыня аблвыканкама. “Свірэпіца — першыя жывыя грошы, — канстатавала Г. У. Унуковіч. — На што нас нацэльвае кіраўніцтва вобласці? Калі няма магчымасці выканаць увесь комплекс работ па доглядзе за “капрызнымі” культурамі, упор трэба рабіць на менш патрабавальныя”. Дарэчы,  “ДраздыАгра” адна з гаспадарак, якая зрабіла стаўку менавіта на свірэпіцу. І не пралічылася. Прыбраўшы палі з дадзенай культурай, сельгаспрадпрыемства выручыла 120 тысяч рублёў. Гэта значная падмога для невялікай гаспадаркі.

     Гаварылі і пра так званыя эксперыментальныя палі. Няхай такое поле і не будзе вялікім, але калі правесці на ім уходные працы ад пачатку да канца, вынік не прымусіць сябе чакаць. Галіна Уладзіміраўна ўпэўнена, усе землі абсалютна розныя: ёсць больш прадуктыўныя, ёсць менш, але пад кожную можна падабраць культуру, якая абавязкова дасць жаданы ўраджай.

   Але не менш важная ў гэты перыяд сельскагаспадарчых работ і працоўная дысцыпліна. Прычым з боку ўсіх удзельнікаў жніва. Пра гэта работнікам КСВУП «ДраздыАгра» нагадаў начальнік РАУС А. М. Рыбакоў, адзначыўшы, што, на жаль, у дадзеным сельгаспрадпрыемстве не раз выяўляліся факты безгаспадарчасці, знаходжання асобных асоб на працоўных месцах і ў працоўны час у стане алкагольнага ап’янення, мелі месца і дробныя крадзяжы.

    Прымяненне падчас уборачнай кампаніі складаных механізмаў і агрэгатаў абавязвае кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў старанна падыходзіць да забеспячэння аховы працы. “Адна справа, калі работнікі праінструктаваныя, навучаны бяспечным спосабам работы, але пры гэтым парушаюць патрабаванні інструкцый па ахове працы, а другая, калі работнік парушае патрабаванні аховы працы, не ведаючы пра гэта, паколькі перад допускам да выканання работ не быў навучаны, праінструктаваны, застаўся без праверкі ведаў па пытаннях аховы працы», — звярнуў увагу прысутных член інфармацыйна-прапагандысцкай групы, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. Р. Новік.

   Скарыстаўшыся тым, што на сустрэчы сабраліся ў асноўным вяскоўцы, начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Г. І. Устюгова параіла ўсім, у каго ёсць зямельныя ўчасткі, аформіць на іх праваўстанаўліваючых дакументы. “Атрымаўшы пашпарт на зямлю, у будучыні вы пазбавіце сябе ад разнастайных праблем, звязаных з зямельнымі спрэчкамі, а яны, скажу вам, значна пачасціліся ў апошні час”, — папярэдзіла Галіна Іосіфаўна.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *