Юрий Геут со всеми приветлив и доброжелателен

Актуально В трудовых коллективах

Набываючы лекі ў аптэцы, заўсёды прыемна, калі нас абслугоўвае не проста «прадавец» у белым халаце, а ў нейкай ступені ўрач, добры кансультант і псіхолаг. Салідны багаж ведаў у сваім арсенале мае шмат каму знаёмы фармацэўт-рэцэптар II катэгорыі цэнтральнай аптэкі №21 Ю. І. Геут.

Юрый Іосіфавіч не толькі зарыентуе наведвальнікаў у разнастайнасці лекавых сродкаў, раскажа пра іх сумяшчальнасць з іншымі прэпаратамі і пабочныя эфекты, але і зможа распазнаць сімптомы хваробы, парэкамендуе запісацца на прыём да ўрача. Часам проста падтрымае добрым словам.
— Юрый ужо больш за 20 гадоў дапамагае людзям вярнуць страчанае здароўе, — кажа загадчыца аптэкі Н. М. Задора. — У нас у продажы маецца каля чатырох тысяч лекавых прэпаратаў, уласцівасці кожнага з іх Юрый ведае выдатна.

Як сапраўдны медык, фармацэўт павінен вучыцца ўсё жыццё. Таму кожныя пяць гадоў Ю. І. Геут пацвярджае сваю кваліфікацыю, праходзіць перанавучанне і атрымлівае адпаведны сертыфікат. А ў працоўным калектыве ён душа кампаніі.
— Звязаць сваё жыццё з медыцынай вырашыў яшчэ ў дзяцінстве, — адзначыў Юрый Іосіфавіч. — Яскравым прыкладам гэтай высакароднай прафесіі быў мой бацька Іосіф Андрэевіч, які кіраваў гэтай аптэкай чвэрць стагоддзя.

Штодня цэнтральную аптэку наведваюць сотні чалавек, людзі прыходзяць з розным настроем, пытаннямі, патрабаваннямі. З кожным з іх фармацэўт ветлівы, тактоўны, добразычлівы. Заўсёды дапаможа падабраць прызначаны прэпарат або яго аналаг. Бываюць выпадкі, калі пакупнікі забываюць назву прэпарата або мяняюць месцамі літары ў ім, вось тады прыходзіцца дадумваць самому, арыентуючыся на сімптомы захворвання.

Акрамя таго, што наш герой выдатны работнік, ён яшчэ і добры, клапатлівы бацька. Разам з жонкай Ганнай выхоўваюць дваіх сваіх дзетак і аднаго прыёмнага. Сям’я Геут любіць адпачываць на прыродзе, займацца спортам, практыкаваць сумеснае прыгатаванне ежы. І ў радасці, і ў цяжкія моманты заўсёды трымаюцца разам, заўсёды побач.

Добрасумленная праца, любоў да сваёй справы і жаданне ўдасканальвацца — вось галоўныя крытэрыі сапраўднага працаўніка. Шматлікія падзякі ад насельніцтва, кіраўніцтва, у тым ліку ад Віцебскага гандлёва-вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя», паслужылі таму, што імя Ю. І. Геута займае ганаровае месца на раённай Дошцы гонару.

Кацярына ПЕТУХОВА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *