Капитальные и текущие ремонты: что и как?

Актуально

Хто і што павінен рабіць, каб у шматкватэрных дамах і на прылеглых да іх тэрыторыях быў парадак? Што прадугледжвае тэхнічнае абслугоўванне, бягучы і капітальны рамонт жыллёвага фонду? На гэтыя і іншыя пытанні мы папрасілі адказаць галоўнага спецыяліста аддзела архітэктуры і будаўніцтва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Н. А. Аўчыннікаву.

— Наталля Антонаўна, многія жыхары нашага раёна не маюць поўнага ўяўлення аб тым, якія работы выконваюцца ў рамках тэхнічнага абслугоўвання жылога дома…
— Тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду камунальная служба ажыццяўляе, кіруючыся пералікам работ, зацверджаным Міністэрствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Згодна з дакументам, пры тэхнічным абслугоўванні дома праводзіцца агляд канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм жылога дома, ажыццяўляецца комплекс мерапрыемстваў па падрыхтоўцы яго да асенне-зімовага перыяду, праводзяцца разнастайныя рамонты, напрыклад, замена крана або ўчастка ізаляцыі ў падвальным памяшканні. Усяго больш за 100 відаў работ.
У цяперашні час у раёне на абслугоўванні камунальнай службы знаходзяцца 116 шматкватэрных дамоў (75 у райцэнтры, 41 на вёсцы), 47 блакіраваных (13 у райцэнтры, 11 на вёсцы) і 92 аднакватэрныя дамы (5 у райцэнтры, 87 на вёсцы). Пагадзіцеся, у камунальнікаў даволі вялікі фронт работы.

— З цягам часу нават самы прыгожы і сучасны дом патрабуе рамонту. Якім чынам вызначаецца, дом падлягае капітальнаму рамонту або можа яшчэ «пацярпець»?
— Падставамі для правядзення капітальнага рамонту ў жылым доме з’яўляюцца перспектыўныя праграмы (на пяць гадоў) і бягучыя графікі (на адзін год). Іх распрацоўваюць і зацвярджаюць мясцовыя органы ўлады.
Неабходнасць правядзення капітальнага рамонту жылога дома і ўключэнне яго ў перспектыўную праграму па капітальным рамонце вызначаецца на падставе тэхнічнага стану жылога дома ў цэлым, а таксама яго канструктыўных элементаў, інжынерных сістэм па выніках тэхнічных аглядаў, ацэнкі спецыялізаванымі арганізацыямі. Неабходнасць капітальнага рамонту вызначаецца таксама зыходзячы з правілаў і нормаў тэхнічнай эксплуатацыі жылых дамоў у адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі актамі і пры наяўнасці фінансавых сродкаў.

Калі мы кажам, да прыкладу, аб тэхнічным стане дома, то трэба разумець, што ў любога будынка ёсць мінімальны тэрмін эфектыўнай эксплуатацыі. Ён залежыць ад умоў (тэмпературы, вільготнасці, якасці тэхнічнага абслугоўвання) і ад матэрыялаў, якія былі выкарыстаны пры будаўніцтве дома (панэльныя, цагляныя). У сярэднім гэты тэрмін складае ад 15 да 25 гадоў. Аднак трэба разумець, што гэта тэрмін мінімальны, і калі па яго заканчэнні дом знаходзіцца ў добрым стане, то гэта зусім не гарантуе вам правядзенне капітальнага рамонту.
— А хто аплачвае ка-пітальны рамонт дома?

— Аплата за капрамонт замацавана на заканадаўчым узроўні. Кожны наймальнік, уласнік жылога памяшкання абавязаны штомесяц уносіць плату на капітальны рамонт. Фінансаванне капітальнага рамонту ажыццяўляецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту, штомесячных плат грамадзян, іншых крыніц.
— Наталля Антонаўна, галоўная мэта капітальнага рамонту — гэта аднаўленне спажывецкіх якасцяў дома, згубленых падчас эксплуатацыі. Якія работы ўключе капітальны рамонт?
— Усе віды работ, якія выконваюцца ў рамках капітальнага рамонту за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў і адлічэнняў грамадзян, вызначаюцца праектам на рамонт канкрэтнага дома. Дакумент распрацоўваецца з улікам абследавання ў рамках пераліку работ, якія адносяцца да жылога дома. У праект не могуць быць уключаны такія работы, як замена і рамонт сетак і збудаванняў, якія знаходзяцца ў гаспадарчым вядзенні іншых арганізацый (радыё, тэлефон, тэлебачанне, вонкавыя сеткі электра-, цепла-, газа- і водазабеспячэння і інш.).

У пастанове Савета Міністраў ад 21 красавіка 2016 года № 324 «Аб зацвярджэнні Палажэння аб парадку планавання, правядзення і фінансавання капітальнага рамонту жыллёвага фонду» прапісаны ўсе віды работ, якія могуць выконвацца ў рамках капітальнага рамонту. Аднак у праект могуць уключацца і дадатковыя работы па мадэрнізацыі (паляпшэнні спажывецкіх якасцяў дома), калі ўласнікі гатовы аплаціць іх самі. Напрыклад, гэта можа быць цеплавая рэабілітацыя дома.
— А што Вы скажаце аб бягучым рамонце дома? Напэўна, на яго можа прэтэндаваць большая колькасць дамоў, бо такі від рамонту менш затратны…

— У гэтым годзе на бягучы рамонт жыллёвага фонду раёна плануецца выкарыстаць 40,2 тысячы рублёў.
Пастановай Міністэрства ЖКГ зацверджана інструкцыя аб парадку планавання, правядзення і фінансавання бягучага рамонту жыллёвага фонду. У дадзенай інструкцыі вызначаны пералік відаў работ, крыніцамі фінансавання якіх з’яўляюцца сродкі мясцовага бюджэту, а таксама пералік відаў работ, што выконваюцца за кошт сродкаў уласнікаў і наймальнікаў жылых памяшканняў. Так, камунальнікі выконваюць лакальны рамонт даху, межпанэльных стыкаў, балконаў, замену асобных участкаў інжынерных сістэм (вада, ацяпленне, каналізацыя).
— А пад’езды?
— Бягучы ж рамонт пад’ездаў, за выключэннем тэхнічных памяшканняў, цалкам кладзецца на плечы жыхароў. Яны аплачваюць усе аддзелачныя і малярныя работы. Пры гэтым выконваць рамонт жыхары могуць самастойна або звярнуўшыся да паслуг прыватніка або УКП ЖКГ «Бешанковіцкі камунальнік», дарэчы, апошняе дае растэрміноўку на паўгода.

— Але каб жыхары адчувалі сябе ўтульна ў доме, аднаго рамонту недастаткова. Трэба таксама сістэматычна падтрымліваць парадак…
— Сапраўды, прыгажосць і камфорт у доме і вакол яго стварае не толькі рамонт, але і выкананне ўстаноўленых правілаў. Жаданне жыхароў утрымліваць у парадку не толькі свае «квадраты», але і пад’езд, дапаможныя памяшканні, тэрыторыю ля дома — гэта паказчык культуры паводзін людзей. Чаму б жыхарам шматкватэрнага дома не арганізаваць, напрыклад, праўленне ўласнікаў. Яго прадстаўнікі сачылі б за парадкам у пад’ездах, у двары, арганізоўвалі суботнікі, праводзілі сходы жыхароў, на якіх планавалася б, што і дзе трэба зрабіць: падрамантаваць, набыць, лаўку ў двары паставіць… Важна, каб было разуменне, што кожны ў адказе не толькі за сваю кватэру, але і за ўвесь дом у цэлым.

Святлана ВАРОШКА.

 



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *