Незащищённые категории граждан будут чувствовать себя увереннее

Актуально Важное Общество

У нашай краіне, як сацыяльна арыентаванай, вялікая ўвага надаецца неабароненым катэгорыям людзей. Чарговы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 18 мая 2020 года №171 «Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян», згодна з якім з 1 студзеня 2021 года ўводзяцца дадатковыя гарантыі ў галіне пенсіённага забеспячэння, — таму пацвярджэнне. У дадзеным выпадку асноўны акцэнт зроблены на шматдзетных сем’ях і людзях з абмежаванымі магчымасцямі. Пракаменціраваць некаторыя палажэнні Указа мы папрасілі начальніка аддзела па прызначэнні пенсій і сацыяльнай падтрымцы насельніцтва ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама А. В. Русецкую.

Для мам чацвярых дзяцей
зменяцца, перш за ўсё, падыходы ў вылічэнні стажу працы. Як адзначыла Антаніна Віктараўна, для маці, якая нарадзіла чацвёра і больш дзяцей, перыяды, калі яна не працавала ў сувязі з тым, што знаходзілася ў адпачынку па доглядзе за імі, будуць залічвацца ў агульны стаж працы для прызначэння пенсіі ў межах 12 гадоў, а не 9, як у цяперашні час. Гэта дазволіць павялічыць агульны стаж і, адпаведна, памер пенсіі.

— Пры гэтым працоўныя пенсіі, прызначаныя да 1 студзеня наступнага года, таксама будуць пераразлічвацца з павелічэннем стажу працы з першага чысла месяца, наступнага за тым, у якім пенсіянер звернецца ў наша ўпраўленне з адпаведнай заявай і дакументамі, якія пацвярджаюць нараджэнне чацвярых і больш дзяцей і выхаванне іх да трохгадовага ўзросту, калі такіх дакументаў няма ў пенсіённай справе, — удакладніла А. В. Русецкая.

Яшчэ адна гарантыя прадугледжана для мам, якія нарадзілі чацвярых дзяцей і выхавалі іх да 8-гадовага ўзросту. З 1 студзеня 2021 года страхавы стаж для такіх жанчын зніжаецца да 10 гадоў. Такім чынам, працоўная пенсія па ўзросце па дасягненні агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту будзе прызначацца ім пры наяўнасці працоўнага стажу не менш за 20 гадоў і страхавога стажу не менш за 10 гадоў. Сёння патрабаванні для прызначэння пенсіі па ўзросце альбо іншай працоўнай пенсіі — 17 гадоў і 6 месяцаў страхавога стажу.

Для грамадзян з інваліднасцю
таксама прадугледжаны нормы па зніжэнні страхавога стажу. Грамадзянам, якія да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту з’яўляліся інвалідамі I і (або) II групы не менш за 10 гадоў, неабходны страхавы стаж памяншаецца на шэсць месяцаў за кожны поўны год знаходжання на інваліднасці. Калі ж больш за 21 год — пенсія прызначаецца пры наяўнасці страхавога стажу не менш за 5 гадоў. Адначасова для названай катэгорыі інвалідаў зніжана патрабаванне да агульнага стажу: пры прызначэнні пенсіі на гэтай падставе жанчынам-інвалідам I, II групы дастаткова 15 гадоў працоўнага стажу (раней было 20 гадоў), мужчынам-інвалідам — 20 гадоў (25 гадоў).

…і іх бацькоў
— Пры доглядзе не менш за 20 гадоў за дзецьмі-інвалідамі з трэцяй або чацвёртай ступенню страты здароўя, прызнанымі пасля інвалідамі з дзяцінства I групы, памер сацыяльнай пенсіі іх бацькоў павялічваецца практычна ўдвая — да 130% бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера, — расказвае Антаніна Віктараўна. — Гэта прыблізна 243 рублі. Сёння ж пры адсутнасці падставы для прызначэння працоўнай пенсіі такія грамадзяне могуць разлічваць на сацыяльную пенсію ў памеры 123 рублёў.

Калі страхавы стаж няпоўны
З 2021 года работнікам з няпоўным страхавым стажам (звыш 10 гадоў, але менш патрабаванага) будуць замест сацыяльнай пенсіі прызначаць працоўную пенсію па ўзросце пры няпоўным страхавым стажы. Яе памер складзе ад 73% бюджэту пражытачнага мінімуму пенсіянера за 10 гадоў страхавога стажу да 100% БПМ за 19 гадоў (дадаткова па 3% за кожны поўны год). Пры гэтым жанчынам такая пенсія будзе прызначацца пры дасягненні 60 гадоў, а мужчынам — 65 гадоў.
У цяперашні ж час, калі для працоўнай пенсіі страхавога стажу не хапае, разлічваць, як правіла, даводзіцца толькі на сацыяльную.

У выпадку страты карміцеля
— Указам прадастаўляецца права на працоўную пенсію з-за страты карміцеля асобам, якім па месцы працы прадастаўлены водпуск па доглядзе за дзіцём памерлага да дасягнення ім узросту трох гадоў, — звярнула ўвагу А. В. Русецкая. — Гэта можа быць муж або жонка, бацька, дзядуля, бабуля, брат, сястра памерлага. Гэта пенсія прызначаецца ў выпадку, калі блізкі сваяк не з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам, натарыусам, адвакатам, не займаецца асобнымі відамі рамеснай дзейнасці. Праўда, усе вышэйпералічаныя асобы могуць атрымаць такое права, калі прыпыняць адпаведную дзейнасць на той перыяд, пакуль ажыццяўляюць догляд за дзіцём памерлага карміцеля да дасягнення ім трохгадовага ўзросту.
Былому мужу ці былой жонцы памерлага карміцеля дадзенае права прадастаўляецца пры ўмове неўступлення ў новы шлюб.
* * *
І яшчэ адно станоўчае новаўвядзенне. Яно не тычыцца прызначэння пенсій, але пра яго варта згадаць. З 1 студзеня 2021 года шлюбныя пары, у якіх узрост жанчыны не перавышае 40 гадоў, атрымаюць права на адну бясплатную спробу экстракарпаральнага апладатварэння ў дзяржаўных арганізацыях аховы здароўя. Парадак і ўмовы правядзення працэдуры будуць устаноўлены дадаткова.

* Калі ў вас яшчэ засталіся пытанні, можна звяртацца ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама па тэлефоне 6-50-25.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *