Встречи в трудовых коллективах продолжаются

Актуально В трудовых коллективах Важное

Сёння як у газетах, так і ў інтэрнэце шмат інфармацыі пра развіццё краіны, асобных яе рэгіёнаў, але даведацца гэту інфармацыю з вуснаў прадстаўнікоў улады, пачуць жывое слова для насельніцтва па-ранейшаму важна. Таму выхады кіраўніцтва як вобласці, так і раёна ў працоўныя калектывы не губляюць сваёй актуальнасці і выклікаюць цікавасць з боку людзей.

Такія сустрэчы былі арганізаваны ў Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, НВП «Белкатламаш» ТАА і ў аграгарадку Ула. Пагутарыць з работнікамі «Белкатламаша» прыехаў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама У. П. Пенін. Уладзімір Пятровіч наведаў вытворчыя памяшканні прадпрыемства, пазнаёміўся з працоўным калектывам, выслухаў праблемы, якія хвалююць людзей. З улянамі сустрэліся старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч і яе намеснік Г. А. Філіпенка. У ліку ўзнятых жыхарамі аг. Ула пытанняў былі тыя, што датычацца стану дарог, добраўпарадкавання населенага пункта. Зразумела, што, каб былі нейкія зрухі ў гэтым напрамку, патрэбны фінансы. Але ж і самім вяскоўцам трэба прыкласці руку, каб іх аграгарадок стаў прыгажэй і ўтульней. Разам любую справу можна асіліць. На гэтым зрабіла акцэнт Г. У. Унуковіч, паабяцаўшы, што 9 тысяч рублёў, атрыманых ад продажу зямельнага ўчастка, будуць перададзены Ульскаму сельвыканкаму на развіццё і добраўпарадкаванне Улы. Разам з крытыкай, аднак, гучалі і словы падзякі: напрыклад, зноў пачалі гарэць ліхтары вулічнага асвятлення, чым уляне вельмі задаволеныя. Якая крымінагенная сітуацыя склалася ў раёне за 6 месяцаў бягучага года, падрабязна расказаў начальнік РАУС А. М. Рыбакоў. Як адзначыў Аляксандр Міхайлавіч, за гэты час зарэгістравана 67 злачынстваў (у мінулым годзе іх было 63), 9 — на тэрыторыі Ульскага сельсавета.
Напрыканцы сустрэчы Г. У. Унуковіч засяродзіла ўвагу прысутных на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і выказала спадзяванне, што жыхары Улы прыйдуць на выбарчы ўчастак, каб выканаць свой грамадзянскі абавязак.
  Канструктыўная размова атрымалася і ў ТЦСАН. Сюды на сустрэчу з працоўным калектывам установы, а таксама работнікамі ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама прыйшла Г. У. Унуковіч. Асноўнай тэмай для абмеркавання стала сацыяльна-эканамічнае развіццё Бешанковіччыны. Галіна Уладзіміраўна пазнаёміла прысутных з эканамічнай сітуацыяй, якая складваецца ў рэгіёне, закранула важныя пытанні сацыяльнай сферы. Улічваючы, што менавіта сацыяльная служба адна з першых стала на перадавую ў барацьбе з каранавірусам, аказваючы дапамогу неабароненым катэгорыям людзей у гэты няпросты час, немалая частка выступлення кіраўніка раёна была прысвечана менавіта гэтай тэме.
Падобныя сустрэчы будуць працягвацца і на наступным тыдні.
 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *