Слушать,слышать и помогать. День Совета прошёл в Бочейковском сельсовете

Актуально Важное Год малой родины Общество

У мінулы чацвер жыхары больш за 20 населеных пунктаў Бачэйкаўскага сельсавета сустракалі гасцей з Бешанковіч — прадстаўнікоў улады і актыву раёна. Тут прайшоў традыцыйны Дзень Савета, асноўная мэта якога — дайсці да кожнага чалавека, пачуць яго праблемы і дапамагчы ў іх вырашэнні.

Вёска Шыпулі — такі быў, згодна з графікам, пункт прызначэння для рэдакцыйнай машыны. Па дарозе разам з начальнікам аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. М. Апанасёнак заехалі ў Навасёлкі. Вёска, па сённяшніх мерках, не маленькая. Частка дамоў належыць дачнікам, частка, на жаль, у запусценні, пастаянна пражываюць тут некалькі чалавек. Застаць каго-небудзь дома летам практычна немагчыма: хто ў лесе, хто на працы, а хто ў суседняе Бачэйкава адправіўся… Пагутарыць атрымалася толькі з У. П. Піліпёнкам. Але Уладзімір Пятровіч з’яўляецца карэнным жыхаром Навасёлак, таму аб праблемах роднага населенага пункта ведае добра. Аказалася, што яна тут усяго толькі адна — якасць вады ў калодзежах.

— Раней у вёсцы працавала воданапорная вежа, добрая вада была ў калонцы, — распавядае Уладзімір Пятровіч. — Зараз ваду бяром у калодзежах, а яна ў іх не самай лепшай якасці…
— Дык, можа, яшчэ што хвалюе? — цікавімся ў навасельца, паабяцаўшы перадаць усе яго пажаданні і спадзяванні раённай уладзе.

— Ды не, дарога ў нас нядрэнная, самі бачыце, любая тэхніка праедзе, — адказвае мужчына. — Вулічнае асвятленне працуе спраўна, аўталаўка наведвае нас два разы на тыдзень, у ёй усяго хапае. А што нам яшчэ трэба? Шкада толькі, што вёска апусцела…

Хоць у параўнанні з наступным населеным пунктам Навасёлкі проста-такі цывілізацыя. У Шыпулі мы заехалі на першым павароце. Гэта добра, што рэдакцыйнаму УАЗу любыя дарогі ні па чым. Прызнаюся, ад убачанага сціснулася сэрца, вёска ў літаральным сэнсе патанула ў зарасніках. Пустыя дамы, закінутыя гаспадарчыя пабудовы, а вакол кусты, трава па пояс… Адзіны дом, дзе жыццё працягвае біць ключом, знаходзіцца на краі вёскі. Жыве тут Аліна Ягораўна Малах. Убачыўшы нас у вакно, жанчына выйшла на ганак, на яе твары была ўсмешка, якая выдавала цікавасць і ў нейкай ступені здзіўленне: «Каго гэта да мяне занесла?»Мы прадставіліся, растлумачылі, навошта прыехалі. Аліна Ягораўна гасцям узрадавалася. А як інакш? Адна ж у вёсцы, пагаварыць з людзьмі — вялікае задавальненне. Хоць на адзіноту пенсіянерка не скардзіцца, часта прыязджаюць дзеці, унукі, зімой і зусім да родных з’язджае на пабыўку. Але як толькі надыходзіць цёплы сезон — утрымаць Аліну Ягораўну ў горадзе немагчыма.

— Дзеці пра мяне клапоцяцца, берагуць, але не магу я без сваіх Шыпуляў, — расказвае жанчына. — Я тут усё жыццё пражыла, працавала паштальёнам… А колькі ў вёсцы раней было людзей… Дамоў трыццаць… Цяпер вось адна засталася. Пытаецеся, ці не страшна мне ў пустой вёсцы? Ніколькі! Бо гэта мая Радзіма, мяне сюды цягне ўсім сэрцам, усёй душой…
У размове з Алінай Ягораўнай даведаліся, што асаблівых праблем у яе няма, дзеці ва ўсім дапамагаюць, прадукты і тавары першай неабходнасці прывозіць аўталаўка. «Дзеля мяне адной у вёску заязджае…», — усміхаецца жанчына.
У Бачэйкава, дзе павінна было адбыцца падвядзенне вынікаў Дня савета, асабіста я ехала ў прыўзнятым настроі. Так, вельмі шкада, што нашы вёсачкі не такія мнагалюдныя, як раней, але радуе, што ў іх працягваюць жыць людзі, для якіх родны дом, родная вуліца, родны населены пункт даражэй за ўсё на свеце…

Справаздачу аб выніках працы з насельніцтвам кіраўнікі груп зрабілі ў сельскім Доме культуры. Перш аб стане спраў на тэрыторыі Бачэйкаўскага сельсавета далажыла старшыня сельвыканкама Г. В. Шчука. Галіна Віктараўна агучыла асноўныя напрамкі дзейнасці мясцовай улады. Гэта і пытанні добраўпарадкавання населеных пунктаў, дарог, і навядзенне парадку на грамадзянскіх могілках, і барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага (дадзеная праблема даволі актуальная для бачэйкаўскай зоны), і арганізацыя працы назіральных камісій, і многае іншае.

Дык што ж сёння хвалюе жыхароў Бачэйкаўскага сельсавета? У прынцыпе, тое, аб чым казала вышэй старшыня. Жыхары вёскі Чурылава, напрыклад, прасілі ўладкаваць прыпыначны пункт, падрамантаваць дарогу, а таксама выказалі надзею, што і ў наступным годзе ўчасткі, дзе расце баршчэўнік, будуць апрацаваны менавіта хімічным спосабам, як гэта зрабілі ў пачатку лета. Эфект даволі адчувальны. У Двор Нізгалаве прасілі садзейнічання ў добраўпарадкаванні пад’езда да могілак, у Жарнасекаве людзей турбуе лёс непрыдатных дамоў і агародаў, якія зараслі быльнікам, нездавальняючы стан пашы, цікавіліся жыхары вёскі і ўмовамі аказання сельгаспрадпрыемствам паслуг па ўборцы ўраджаю на асабістых участках насельніцтва.

Зарастае вёска Багданава, схіліліся над дарогай дрэвы ў Промыслах, у Забеллі і Быцаве галоўная праблема — баршчэўнік… Не забывалі людзі і дзякаваць. Добрыя словы ў асноўным былі адрасаваны работнікам гандлю і пошты.
«Слухаць, чуць і дапамагаць — такім павінен быць прынцып работы не толькі мясцовай улады, але і кіраўнікоў прадпрыемстваў, арганізацый і службаў, — звярнулася да ўдзельнікаў Дня савета пасля таго, як усе пытанні былі агучаны, старшыня райвыканкама Г. У. Унуковіч. — Калі мы дапаможам хоць аднаму чалавеку — гэта ўжо добра. Людзі павінны ведаць, што ў любой жыццёвай сітуацыі яны могуць разлічваць на нашу падтрымку».

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *