Лучшая на свете женщина — мама…

Актуально Они живут рядом

Ёсць такія людзі, з якімі пагаворыш, нібы сонца вып’еш. Пачынаеш нібыта ўвесь свяціцца знутры. Гэта вядомае многім выслоўе прыйшло мне на розум, калі я сустрэлася з жыхаркай аграгарадка Будзілава Ліліяй Іванаўнай Стокінай. Ад такіх, як яна, простых, шчырых, лёгкіх, якія крыху саромеюцца, думаючы, што не заслугоўваюць увагі, а на самой справе цікавых з розных бакоў, сапраўды адчуваеш светлую энергетыку.

На працягу трынаццаці гадоў Лілія Іванаўна «працуе» прыёмнай мамай. Разам з мужам Сяргеем Данілавічам у 2006 годзе яны ўзялі на выхаванне пяцігадовага Мікіту, які вырас годным хлопцам. Ён захапляецца спор-там, добра вучыцца ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы і бязмерна любіць сваіх бацькоў. І сапраўды, як іх можна не любіць, калі яны аддаюць яму ўсю сваю пяшчоту?!

— Спачатку мы хваляваліся, перажывалі, што ў нас не атрымаецца стаць сапраўднымі бацькамі для Мікіты, але дарэмна, — расказвае Лілія Іванаўна. — На той момант нашы дзеці (Ірына і Дзмітрый) ужо былі дарослымі, і так не хацелася заставацца адным, а Мікіта прынёс у наш дом цеплыню, надзею, жаданне пра кагосьці клапаціцца.
А больш за год назад у сям’і Стокіных з’явіўся яшчэ адзін сынок — Аляксандр, якому зараз 11 гадоў. Бацькі стараюцца, каб хлопчык не адчуваў, што ён ім не родны, агортваюць любоўю і пяшчотай, вучаць дабрыні, прывіваюць любоў да працы, словам, робяць усё магчымае, каб у будучым ён выбраў правільны шлях у жыцці.

— У нас вялікая гаспадарка, так што прыходзіцца шмат працаваць, а нашы дзеці малайцы, і прасіць не трэба, заўсёды прыходзяць на дапамогу. Разам жа любая справа ладзіцца лепей, — дзеліцца Л. І. Стокіна. — Мікіта, калі прыязджае з горада, перш-наперш дапаможа, бо ўжо не можа інакш.

Добрымі выраслі і свае дзеці: сын Дзмітрый працуе вадзіцелем Астровенскага пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №13, дачка Ірына — начальнік атрада Віцебскага лячэбна-працоўнага прафілакторыя №9. Ёсць унучка Ганна.
Акрамя таго, што Лілія Іванаўна добрая маці, руплівая гаспадыня (яе падворак адзін з самых прыгожых у аграгарадку, увесь патанае ў кветках), яна яшчэ працуе санітаркай фельчарска-акушэрскага пункта аг. Будзілава, дзе таксама стараецца прыносіць карысць.

Згадзіцеся, стаць прыёмнымі бацькамі могуць толькі тыя, у каго сапраўды вялікае сэрца, такое, у якім хапае месца для ўсіх. А атрымаць прэмію імя Героя Савецкага саюза З. М. Тусналобавай-Марчанка, як Лілія Іванаўна, могуць лічаныя адзінкі. Калі ўнутры ў жанчыны сонца, у яго промнях немагчыма не сагрэцца. Ззяйце, дарагія нашы жанчыны!

Алена МАРОЗАВА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *