Бешенковичская земля славится своими тружениками

Актуально Важное Заботы сельские

Зямля нездарма любіць працавітых. Рупліўцаў, што не шкадуюць асабістага часу, клапоцяцца пра яе з ранку да позняга вечара. Сярод такіх працаўнікоў наш субяседнік – механізатар ДП «ПалітаддзелецАгра» Д. І. Міклуш.

Уборку царыцы палёў палітаддзельцы амаль завяршылі (на іх рахунку 420 га з 550 па плане, ці 76,4%), трэба падумаць і пра будучы ўраджай. Таму Дзмітрый Іванавіч зноў шчыруе на полі, але цяпер яго клопат – пад’ём зябліва. У гэтай справе механізатару дапамагаюць калегі – Дзмітрый Анатольевіч Аўчыннікаў і Аляксандр Валянцінавіч Сімака, усе – на «МТЗ-1221». Разам яны паднялі 168 гектараў (з запланаваных 1352 га).

У вясковых перадавікоў біяграфіі падобныя: пасля школы – за штурвал трактара, адслужылі ў арміі – і зноў за звыклую справу. Аб’ядноўвае іх любоў да зямлі, моцная і невычэрпная. Таму і не дзіва, што Д. І. Міклуш дзе нарадзіўся, там, як кажуць, і спатрэбіўся. Яшчэ дванаццацігадовым хлопчыкам ён прасіўся да бацькі (той таксама быў трактарыстам) у кабіну, каб пакатацца, крыху дапамагчы, чым можа, і так палюбіў гэту працу, што ўжо да чагосьці іншага не імкнулася душа. Працоўны шлях пачынаў у тагачасным калгасе «Савецкая Беларусь». Дзмітрый Іванавіч з любой тэхнікай на «ты». Аднак не забывае першы «МТЗ-82», дзесяць гадоў сябруе ў час жніва і з магутным агракараблём. Наш субяседнік усе віды сельгасработ умее выконваць. Што б ні даручылі (адвозку зялёнай масы ці штурвал прэс-падборшчыка, хімпраполку…), працаўнік зробіць якасна, да агрэгатаў адносіцца беражліва. Як-ніяк, 26 гадоў у сельскай гаспадарцы! Тэхніка стала і работай, і хобі.

– На іншае і часу няма, бо вялікую гаспадарку трымаем, – расказвае субяседнік. – Але ж і клапоцяцца пра яе ў асноўным жончыны рукі: дзякуй маёй Наталлі Віктараўне!
Гаспадыня, аднак, не толькі хатнімі справамі займаецца, таксама працуе ў «Палітаддзельцы», толькі на ферме, даглядае цялятак. Радуюць бацькоў ужо дарослыя дзеці. Вялікае шчасце, калі ў сям’і мір і лад. Калі штодзень ідзеш на любімую работу, працуеш з радасцю, натхнёна. Здаецца, што тут жадаць? Калі б Бог даў магчымасць пражыць жыццё яшчэ раз, ці хацелася б нешта змяніць?

– Што б зрабіў, калі б час вярнуўся назад? Я, напэўна, распарадзіўся б ім гэтак жа, зноў вярнуўся на радзіму, у Дабрыгоры, і пайшоў працаваць на зямлі, – адказаў Дзмітрый Іванавіч, ён задумаўся толькі на імгненне, бо ісціна даўно і трывала замацавалася ў сэрцы. – Куды ж мы без яе, нашай маці?! Яна корміць-поіць, дае сілы і надзею. Хто, як не мы, будзе даглядаць яе? У даўгу зямля, паверце мне, не застанецца: народзіць багаты ўраджай. Не, ніколі б ёй не здрадзіў, ні за якія грошы і гарадскія перспектывы! Інакш хто тады мы, людзі зямлі, без яе?..

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *