В Бешенковичском районном Центре культуры прошла благотворительная ёлка

Актуально Главное

Навагодні марафон дабра ў Бешанковіцкім раёне працягваецца. 28 снежня ў раённым Цэнтры культуры прайшла галоўная дабрачынная елка, на якую запрашаліся 129 хлопчыкаў і дзяўчынак – пераможцаў алімпіяд, творчых конкурсаў і спартыўных спаборніцтваў, лідары дзіцячых грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый, а таксама сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, якія прымаюць актыўны ўдзел у жыцці сваіх калектываў, маюць пэўныя поспехі ў вучобе.

Эпідсітуацыя ў краіне наклала свой адбітак на правядзенне мерапрыемства. Міністэрствам аховы здароўя былі дадзены рэкамендацыі па выкананні некаторых абмежаванняў, таму свята прайшло ў два этапы: у 10 гадзін раніцы на раённую дабрачынную елку з’ехаліся дзеці, якія жывуць у сельскіх населеных пунктах, а ў 13 гадзін у раённы Цэнтр культуры завіталі школьнікі з Бешанковіч.

Праходзіла мерапрыемства ў рамках акцыі «Нашы дзеці», а чужых дзяцей, як вядома, не бывае. Лепшыя традыцыі беларусаў прадаўжаюцца ў добрых справах. Таму павіншаваць усхваляваных хлопчыкаў і дзяўчынак са святам у гэты дзень прыйшлі старшыня раённага выканаўчага камітэта Г. У. Унуковіч і старшыня раённага Савета дэпутатаў Г. М. Шведаў. Удзел у свяце прынялі таксама намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Г. А. Філіпенка, начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама А. І. Ерашоў, яго намеснік А. Ц. Карбоўская.

Звяртаючыся да юных удзельнікаў мерапрыемства, Г. У. Унуковіч павіншавала хлопчыкаў і дзяўчынак з надыходзячым Новым годам і Калядамі, пажадала дзецям, каб наступны год быў для іх вельмі цікавым, каб кожны знайшоў занятак па душы, змог рэалізаваць свае таленты. Дзяржава робіць шмат, каб дзяцінства маленькіх беларусаў было шчаслівым, стварае ўсе ўмовы для вучобы і адпачынку. А ім застаецца толькі слухацца бацькоў і добра вучыцца, каб у будучым стаць дастойнымі грамадзянамі краіны, бо пройдзе зусім крыху часу і сённяшнія дзеці стануць тымі людзьмі, ад якіх заўтра будзе залежаць яе лёс.
Пра тое, каб у жыццё кожнага дзіцяці прыйшло чараўніцтва ў выглядзе шчырага клопату і душэўнай цеплыні, нечаканых падарункаў, прыемных сустрэч з добрымі і спагадлівымі людзьмі, гаварыў і Г. М. Шведаў. Кожнае дзіця для сваіх бацькоў самае-самае, таму школьнікаў прасілі шанаваць і берагчы сваіх блізкіх, любімых, дарагіх людзей, жадалі, каб усе дзеці былі здаровыя і шчаслівыя, раслі паслухмянымі, разумнымі, мужнымі, настойлівымі, дасягнулі самых высокіх вынікаў у вучобе і жыцці.

Усхваляваная дзятва разам з пачэснымі гасцямі з задавальненнем паглядзела незабыўную казку – музычны спектакль «Снежная каралева», пастаўлены работнікамі раённага Цэнтра культуры, а затым школьнікаў чакала навагодняе прадстаўленне ля елкі, падрыхтаванае педагогамі і выхаванцамі раённага Цэнтра дзяцей і моладзі, з песнямі, танцамі, гульнямі, карагодамі з Дзедам Марозам і Снягуркай. Школьнікі з радасцю апладзіравалі гарэзлівым казачным персанажам, запальвалі елку. З мерапрыемства маленькія госці ад’язджалі не з пустымі рукамі – кожны атрымаў салодкі падарунак. А ўсмешкі на тварах дзяцей былі знакам таго, што свята ім спадабалася, і яны працягваюць верыць у навагоднія цуды.
Шчасця шмат не бывае. Дарыць радасць і цяпло не складана. Акцыя «Нашы дзеці» працягнецца да 10 студзеня. Прыняць удзел у марафоне дабра можа кожны з нас – павіншаваць дзяцей са святам і стварыць для іх казачную атмасферу.

Ларыса ПАЎЛОЎСКАЯ.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *