В рамках акции «Наши дети» представители областной и районной власти побывали в детском доме семейного типа

Важное Общество

У панядзелак, 28 снежня, у Ульскім дзіцячым доме сямейнага тыпу сустракалі анаровых гасцей. У рамках рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці»
сям’ю Ірыны Адамовіч і Івана Бандарэнкі, у якой у цяперашні час выхоўваюцца пяць дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, наведалі намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня райвыканкама Галіна Унуковіч, яе намеснік Генадзь Філіпенка і начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Аляксандр Ерашоў.

З гэтай нагоды ў вялікім утульным доме быў накрыты салодкі стол, а прыбраныя і шчаслівыя дзеці чакалі навагодніх сюрпрызаў. Іх у гэты дзень было нямала. Тэлевізар, ноўтбук, турыстычны рыштунак, веласіпеды, наборы цукерак… Дапамогу ў іх набыцці аказалі Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Бешанковіцкі раённы выканаўчы камітэт, Віцебскае абласное аддзяленне рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускі дзіцячы Фонд», Бешанковіцкая раённая арганізацыя рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь», бешанковіцкія прадпрымальнікі Андрэй Панкоў, Ігар Берднік, Наталля Зюлькова і Ігар Карпека. Дом сямейнага тыпу быў літаральна адораны падарункамі. Вочы дзяцей свяціліся шчырай радасцю, на іх тварах ззялі ўсмешкі. У такія моманты сапраўды ўсведамляеш, наколькі дзіцяці, асабліва якое трапіла ў няпростую жыццёвую сітуацыю, важна любая ўвага. Акцыя ж «Нашы дзеці» дае дадатковую магчымасць падарыць такім хлопчыкам і дзяўчынкам часцінку цяпла, каб яны верылі ў дабро, сваю будучыню, у тое, што патрэбныя сваёй краіне…

У студзені надыходзячага года дзіцячы дом сямейнага тыпу ў аграгарадку Ула адзначыць свой сёмы дзень нараджэння. Хоць стаць прыёмнай матуляй для дзетак Ірына Валянцінаўна рашылася нашмат раней – у 2003 годзе. Тады ў яе сям’і з’явілася першае прыёмнае дзіця – Вольга, сёння дзяўчына ўжо сама шматдзетная мама. Праз некалькі год І. В. Адамовіч прыняла на выхаванне яшчэ адно дзіця, потым другое, трэцяе… У 2014 годзе, калі ўтварыўся дом сямейнага тыпу, на выхаванні ў Ірыны Валянцінаўны было ўжо пяцёра дзяцей. За апошнія сем гадоў з гэтага дружнага дома выйшла сямёра выхаванцаў, з якіх двое, атрымаўшы прафесійна-тэхнічную адукацыю, у цяперашні час працуюць, маюць уласныя сем’і, трое навучаюцца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі абласнога цэнтра, яшчэ двое вярнуліся ў родную сям’ю.

Сёння ж на выхаванні ў І. В. Адамовіч і І. М. Бандарэнкі знаходзяцца 5 прыёмных дачок і родны сын Ірыны Валянцінаўны Антон. Дарэчы, з апошняй дачушкай Наташанькай бацькі пазнаёміліся зусім нядаўна, у дзіцячым доме горада Віцебска, і ўжо напярэдадні Новага 2021-га года шасцігадовая дзяўчынка змагла здзейсніць сваю мару – жыць у любячай сям’і.

Душэўнага цяпла, сардэчнай пяшчоты і невычэрпнай дабрыні бацькоў-выхавальнікаў хапае на тое, каб акружыць дзяўчынак клопатам і ўвагай, растапіць лёд у іх маленькіх сэрцах, падтрымаць і дапамагчы справіцца з любой праблемай. Для іх няма чужых дзяцей, ёсць толькі «нашы». За паспяховае выхаванне родных і прыёмных дзяцей Ірына Валянцінаўна ўзнагароджана прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка, шматлікімі граматамі, а ў 2016 годзе дзіцячы дом сямейнага тыпу стаў пераможцам у абласным конкурсе «Сямейнае гняздзечка».

Мець сваіх дзяцей адказна, але ўзяць на выхаванне чужое дзіцяці – божы дар і талент, для гэтага трэба мець вялікае сэрца. На што госці не раз звярталі ўвагу падчас сяброўскага чаявання. Ну і, вядома ж, віншавалі з надыходзячым Новым годам і Калядамі, жадалі дзецям ажыццяўлення ўсіх задум і поспехаў у вучобе. Тыя ж у сваю чаргу расказалі вершы (за што атрымалі ад Дзеда Мароза і Снягуркі салодкія падарункі) і паднеслі гасцям у знак падзякі сувеніры.
– Для нас ваш візіт – вельмі хвалюючая падзея, – прызналася Ірына Валянцінаўна, – мы заўсёды рады кожнаму, хто прыходзіць у наш дом з дабром. Вялікі дзякуй усім, хто падарыў нашым дзецям казку. Яны гэты дзень запомняць надоўга…
* * *

Развітаўшыся з выхаванцамі дзіцячага дома сямейнага тыпу і іх бацькамі, У. П. Пенін адправіўся ў Ульскі ліцэй ім. Л. М. Даватара, а затым у Ульскую сярэднюю школу. Уладзімір Пятровіч азнаёміўся з матэрыяльна-тэхнічнай базай устаноў адукацыі, а таксама абмеркаваў перспектывы іх далейшага развіцця з кіраўніцтвам раёна.
Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *