26 апреля исполняется 35 лет со дня катастрофы на Чернобыльской АЭС

Важное Общество

26 красавіка спаўняецца 35 гадоў з дня катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. У гэты дзень у 1986 годзе на чацвёртым энергаблоку атамнай станцыі прагрымеў магутны выбух, у выніку якога ў атмасферу было выкінута 190 тон радыёактыўных рэчываў. Іх сумарны выкід склаў 50 млн кюры, што раўназначна наступствам выбухаў 500 атамных бомбаў, скінутых у 1945 годзе на Хірасіму…
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС стала самай буйной катастрофай за ўсю гісторыю атамнай энергетыкі. Яна закранула жыццё мільёнаў людзей. У групу рызыкі трапілі персанал станцыі, удзельнікі ліквідацыі наступстваў аварыі, насельніцтва прылеглых тэрыторый. Амаль 8,4 млн жыхароў Беларусі, Расіі, Украіны падвергліся ўздзеянню радыяцыі, сотні тысяч з іх былі эвакуіраваны з забруджаных тэрыторый. За мінулы пасля чарнобыльскай катастрофы час у Гомельскай і Магілёўскай абласцях спынілі існаванне 479 населеных пунктаў (306 і 173 адпаведна). У зонах адсялення пакінутымі апынуліся больш за 26 тысяч прыватных падворкаў і грамадскіх капітальных будынкаў…
Аддаючы даніну памяці загінулым, на саміце СНД у чэрвені 2001 года кіраўнікамі краін Садружнасці было прынята рашэнне звярнуцца да дзяржаў — членаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый з прапановай аб аб’яўленні 26 красавіка Міжнародным днём памяці ахвяр радыяцыйных аварый і катастроф. 7 снежня 2003 года Генеральная Асамблея ААН падтрымала пастанову аб абвяшчэнні гэтай даты, а 8 снежня 2016 года прыняла рэзалюцыю 71/125, у якой 26 красавіка быў абвешчаны Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе. 26 красавіка — памятная дата і ў Беларусі, Дзень чарнобыльскай трагедыі.
Маштабы катастрофы на Чарнобыльскай АЭС велізарныя, аднак немагчыма сабе ўявіць сітуацыю, у якой магла апынуцца значна большая колькасць людзей, калі б не мужнасць і гераізм ліквідатараў аварыі, людзей, якія цаной уласнага здароўя і з немалой рызыкай для жыцця абаранялі іншых ад ядзернага смерчу. Ліквідатары працавалі ў небяспечнай зоне пазменна: тыя, хто набраў максімальна дапушчальную дозу радыяцыі, з’язджалі, а на іх месца прыязджалі іншыя. Асноўная частка работ была выканана ў 1986–1987 гадах, у іх прынялі ўдзел прыкладна 240 000 чалавек. Агульная ­колькасць ліквідатараў (уключаючы наступныя гады) склала каля 600 000 чалавек. Усе гэтыя людзі атрымалі індывідуальныя дозы аблучэння рознай ступені. Вострая лучавая хвароба — такі быў дыягназ для 134 чалавек. У тысяч іншых у той ці іншай меры пагоршыўся стан здароўя.
З першых дзён у барацьбу з нябачным ворагам уключыліся супрацоўнікі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, пажарныя, курсанты, воіны запасу. Яны неслі службу ва ўмовах складанай радыяцыйнай абстаноўкі, без дастатковых сродкаў абароны, ведаў і вопыту, сталі сапраўдным узорам бескарыслівага і самаадданага служэння Айчыне і людзям. Іх асноўнымі задачамі з’яўляліся: правядзенне дэзактывацыйных работ, будаўніцтва ахоўнага збудавання над разбураным рэактарам, а таксама адсяленне вёсак, захаванасць дзяржаўнай і асабістай маёмасці, падтрыманне прапускнога рэжыму і грамадскага парадку на тэрыторыі забруджаных абласцей. Частка ліквідатараў і сёння працягвае працаваць на карысць краіны і народа. Многіх з тых, хто першым ступіў у ядзернае пекла, ужо няма ў жывых…

Паважаныя ўдзельнікі ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнайэлектрастанцыі!
   Усё далей і далей адыходзіць у гісторыю трагічны дзень. Дзень, калі адбылася найбуйнейшая па маштабах і наступствах тэхнагенная катастрофа — аварыя на чацвёртым блоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. Памяць пра яе наступствы неабходна назаўсёды захаваць для людзей як неацэнны ўрок і перасцярогу будучым пакаленням.
   Сёння мы дзякуем усім, хто адважна стаў на абарону людзей ад ядзернай небяспекі. Мы схіляем галовы перад светлай памяццю тых, хто цаной свайго жыцця выратаваў  чалавецтва. Бессмяротны подзвіг герояў, якія першымі прынялі ўдар і абаранілі ўвесь свет ад смяротнага дыхання чарнобыльскай катастрофы.
   Паважаныя ліквідатары чарнобыльскай катастрофы, ад усіх жыхароў нашага раёна шчыра дзякуем вам за гэты подзвіг. Жадаем вам моцнага здароўя, аптымізму, шчасця, поспехаў і дабрабыту. Няхай заўсёды побач з вамі будзе чалавечая ўдзячнасць!
Галіна УНУКОВІЧ,
старшыня раённага выканаўчага камітэта.
Генадзь ШВЕДАЎ,
старшыня раённага Савета дэпутатаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *