В ГП «ПолитотделецАгро» пришло время заготовки кормов

Актуально Заботы сельские

Першыя чэрвеньскія дні парадавалі цеплынёй, на палетках сельгаспрадпрыемстваў адразу пабольшыла тэхнікі: касілкі ды падборшчыкі ўзялі курс на сенажаць, бо настаў час касавіцы…

Працэс гэты ўсім добра вядомы, але ў кожнай гаспадарцы мае свае адметныя рысы. Як працуе «зялёны канвеер» ДП «ПалітаддзелецАгра», даведаліся падчас візіту на палеткі, што ля Касарэўшчыны. Непаўторны водар скошанай травы адчуваўся на пад’ездзе. Хутка і гучна рухаўся прэс-падборшчык, пакідаючы за сабой спакаваныя ў рулоны канюшыну і цімафееўку — сенакосную сумесь, будучыя «кансервы» для буронак. За штурвалам «МТЗ» знаходзіўся Генадзь Адамавіч Смаляр. Працаўнік ААТ «Віцебскі мясакамбінат» ужо другі год дапамагае палітаддзельцам назапашваць кармы. Вопытны механізатар з больш чым дваццаціпяцігадовым стажам, ён да драбніц ведае сваю справу, нялёгкую, але такую любімую, што перайшла ў спадчыну ад бацькі і брата. Недалека на суседніх палетках шчыравалі «касцы» – Яўген Віктаравіч Апатаў і Сяргей Мікалаевіч Гусакоў. На трактарах з граблямі – Уладзімір Сцяпанавіч Булыня і Дзмітрый Уладзіміравіч Камоска. Пазней, калі больш падрасце трава і пачнуць закладваць траншэі, да аграрыяў далучацца іншыя калегі, што будуць заняты на адвозцы зялёнай масы, трамбоўцы…

– За дзень накручваем у сярэднім каля 120 рулонаў (адзін такі, дарэчы, мае вагу 650 кг), – расказвае галоўны аграном гаспадаркі Вадзім Юр’евіч Аўчыннікаў. – Летась назапасілі 2300 рулонаў, сёлета разлічваем не менш 2500. Для 3661 буронкі (995 з іх – дойны статак) трэба нарыхтаваць 1100 т сена, 15700 т сенажу і 20400 т сіласу. 12406 га траў плануецца скасіць першым укосам… Фронт работ вялікі, але рупліўцам не прывыкаць.

– Тэхніка разумная, надвор’е спрыяльнае – працуй і радуйся, – весела зазначаюць механізатары на пытанні пра настрой. – Галоўнае – прастойваць нельга, зараз кожная хвіліна на вагу золата, ды рабіць справу якасна, бо ад таго, як усе мы папрацуем у гэту гарачую пару, залежыць, наколькі сытнай потым будзе зімоўка
пагалоўя.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *