Урачыстае адкрыццё выставы пад назвай “Свет нашых захапленняў” адбылося ў цэнтры пазашкольнай работы. У падарожжа па дзівоснай краіне творчасці і фантазіі маленькіх і дарослых гасцей свята запрасіла культарганізатар Інна Віктараўна Скрабло. У працэсе знаёмства са светам дэкаратыўна-прыкладной творчасці яна зрабіла прэзентацыю кожнай экспазіцыі, імкнулася выклікаць водгук на ўбачанае ў пытлівых дзіцячых сэрцах.
Стварыць атмасферу ўрачыстасці вядучай дапамагаў узорны ансамбль віяланчалістаў “Кантабеле” школы мастацтваў, якім кіруе Таццяна Васільеўна Берасцень. Вітала прысутных і намеснік дырэктара ЦПР Анжэла Валянцінаўна Ючковіч.
Такая сустрэча для кіраўнікоў гурткоў – своеасаблівае падвядзенне вынікаў работы за год, магчымасць паказаць лепшыя работы сваіх выхаванцаў, прыцягнуць увагу аматараў паспрабаваць сябе ў нейкім новым відзе дзейнасці да чароўнага свету мастацтва. Трэба сказаць, што ў цэнтры пазашкольнай работы, а таксама пры школах раёна дзейнічаюць больш за дзесятак гурткоў. Узначальваюць іх людзі творчыя, якія з задавальненнем дзеляцца з дзецьмі сакрэтамі майстэрства, перадаюць розныя тэхналогіі, дапамагаюць знайсці сябе ў справе і развіваць талент.
Пра разнастайнасць прапаноў сведчаць назвы гурткоў: “Мастацкая праца”, “Залатая саломка”, “Палітра”, “Фларыстыка”, “Фітадызайн” і г. д.
Выставілі работы сваіх гурткоў і сельскія навучальныя ўстановы, напрыклад, разьбяры з Бачэйкава, майстры цяслярнай апрацоўкі драўніны з Сініц, аматары мастацкай вышыўкі з Двор Нізгалава і сувенірных вырабаў з бісеру з Астроўна.
Вынікі карпатлівай працы ўмельцаў радуюць вока і выклікаюць пачуцці захаплення. Наколькі вытанчанай душы павінен быць чалавек, каб праз саломку, бісер, паперу, ракавінкі і іншыя матэрыялы перадаць сутнасць прыроды, стварыць прыгожыя пано, элементы дэкору і прадметы хатняга ўжытку.
Ацаніць сапраўдныя творы мастацтва могуць і ўсе жадаючыя жыхары раёна. Выстава працуе з 9 да 17 гадзін. Яна будзе прымаць гасцей да канца навучальнага года.
На здымку: падарожжа ў свет мастацтва.