“Міліцыянер шырокага профілю”

Правопорядок

У сераду, 17 лістапада, сваё прафесійнае свята адзначалі ўчастковыя інспектары міліцыі. Участковы інспектар – бадай, самая прыкметная асоба ў структуры праваахоўных органаў. Па яго стаўленні да работы людзі ацэньваюць дзейнасць міліцыі ў цэлым, робяць высновы пра тое, як дзяржава абараняе іх асабістую бяспеку і маёмасць.


 Наш раён падзелены на 7 адміністрацыйных участкаў. На сёння, па словах начальніка ААПП РАУС Д. А. Карася, лепшыя паказчыкі ў рабоце дэманструе ўчастковы інспектар міліцыі Астровенскага сельсавета Юрый Іванавіч Ліхаманаў.


– Мэтанакіравана Юрый Іванавіч працуе з людзьмі, якія злоўжываюць алкаголем і здзяйсняюць правапарушэнні, – расказваў Дзмітрый Аляксандравіч. – Сёлета ён ужо накіраваў на прымусовае лячэнне ў ЛПП 5 чалавек. Таксама ім падрыхтаваны два матэрыялы ў суд для ўзбуджэння крымінальнай справы па прэвентыўным наглядзе. У раённым аддзеле ўнутраных спраў Ю. І. Ліхаманаў працуе ўжо больш за два гады. Астровенскі ўчастак, давераны яму, – адзін з самых вялікіх па плошчы. Даводзіцца сачыць за парадкам адразу ў 36-ці вёсках.


Дапамагае ў справе юрыдычная адукацыя, якую Юрый Іванавіч набыў у Віцебскім дзяржаўным тэхнічным каледжы. Участковы інспектар – гэта “міліцыянер шырокага профілю”, які знаходзіцца бліжэй за ўсіх да людзей і якому даводзіцца вырашаць самыя разнастайныя жыццёвыя праблемы. У яго полі зроку ненадзейныя сем’і і цяжкія падлеткі, незаконныя гандаль алкагольнай прадукцыяй і паляванне, сямейна-бытавыя канфлікты і паводзіны людзей, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, многае іншае. Ёсць у ўчастковага інспектара і надзейныя памочнікі.


– Гэта пажарны аварыйна-выратавальны пост №13 раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях і добраахвотная народная дружына, – расказвае Юрый Іванавіч. – Таксама выдатна ў мяне наладжана супрацоўніцтва з сельскім выканаўчым камітэтам. У вырашэнні многіх праблем жыхароў Астровенскага сельсавета па лініі міліцыі заўсёды прымае ўдзел старшыня сельвыканкама Андрэй Мікалаевіч Ганковіч.


Асноўны накірунак дзейнасці ўчастковага інспектара, вядома ж, прафілактыка правапарушэнняў і злачынстваў. І справа гэта, па словах Юрыя Іванавіча, патрабуе вялікай фізічнай і маральнай стойкасці, а таксама ўмення знайсці падыход да любога чалавека. Да такой работы, упэўнены ён, проста абавязкова трэба мець прызванне. 


 На здымку: Ю. І. Ліхаманаў у час сустрэчы з настаўнікамі Астровенскай СШ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *