З траў першага ўкосу

Заботы сельские

Ажыўлена зараз на сенажацях раёна – ідзе масавая нарыхтоўка кармоў з траў першага ўкосу. Арганізацыі работы, кантролю за якасцю кармоў надаецца асаблівая ўвага, бо любы гаспадар ведае, што ад гэтага ўзімку будзе залежыць атрыманне прадукцыі жывёлагадоўлі, а значыць, і колькасць грошай, якія паступяць на рахунак гаспадарак.


Гаспадаркам раёна сёлета трэба  нарыхтаваць 37269 тон кармавых адзінак травяных кармоў, па 27 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Аб’ём работы вялікі. Таму тэхнічная гатоўнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў раёна да нарыхтоўкі кармоў і меры па павелічэнні аб’ёмаў нарыхтоўкі і паляпшэнні іх якасці таксама разгледжаны на пасяджэнні райвыканкама.


Як адзначыў у сваім выступленні начальнік упраўлення райсельгасхарчу С. Г. Акуневіч, у бягучым годзе на падрыхтоўку кормаўборачнай тэхнікі было накіравана 390 млн. рублёў фінансавых сродкаў, у тым ліку 140 млн. рублёў – з абласнога бюджэту. На пачатак работ нагрузка на адзін кормаўборачны комплекс  складала 108 гектараў шматгадовых траў і 184 гектары сенакосаў і пашаў, на адну касілку – 180 гектараў, граблі-варушылкі і валкаўтваральнік – 283 гектары.


Для кантролю за якасцю нарыхтоўваемага корму, тэхналагічных параметраў работ з ліку спецыялістаў раённых службаў створаны дзве мабільныя тэхналагічныя групы, яшчэ адна будзе сачыць за захаваннем на месцах патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №1 “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны”.


Трэба адзначыць, што ў сельгаспрадпрыемствах усебакова падрыхтаваліся да касьбы. Загадзя была прыведзена ў гатоўнасць корманарыхтоўчая тэхніка, распрацаваны ўмовы спаборніцтва, меры маральнага і матэрыяльнага заахвочвання, зацверджаны размеры дадатковай аплаты працы за высокую якасць работ.


Работа на кармавых палетках вядзецца ўвесь светлавы дзень. Для яе актывізацыі створаны два кормаўборачныя атрады. На дапамогу вяскоўцам традыцыйна прыйшлі шэфы: у гаспадаркі накіравана дадатковая тэхніка з КУП “Бешанковіцкі водаканал”, ААТ “Віцебскдрэў”, ПМС, “Бешанковіцкага камунальніка”, аддзела адукацыі райвыканкама, філіяла ДРБУ—110, газавай службы і іншых. Убіраць травы вяскоўцам дапамогуць 30 механізатараў з прадпрыемстваў і арганізацый раёна.


Для аператыўнага рашэння пытанняў, звязаных з арганізацыяй работы на ўборцы траў і нарыхтоўцы кармоў, створаны раённы штаб, які ўзначаліў старшыня райвыканкама Л. К. Пянькоўскі.


Першым укосам трэба скасіць 8500 гектараў травы. Таму цяпер у сельскіх працаўнікоў няма больш важнай і больш неадкладнай работы, чым нарыхтоўка кармоў, бо ад хуткага і якаснага правядзення сенаўборкі, максімальнага назапашвання фуражных запасаў у рашаючай ступені залежыць паспяховае выкананне планаў вытворчасці і нарыхтовак прадукцыі жывёлагадоўлі ў гэтым і будучым годзе.


На здымку: пасля пасяджэння райвыканкама на базе сельгасфіліяла “Вядзерава” ААТ “ДБТ №1 г. Віцебска” па пытаннях корманарыхтоўкі прайшоў выязны семінар.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *