Яшчэ больш увагі нададзена маніторынгу па пытаннях выкарыстання і аховы земляў на тэрыторыі Бешанковіцкага раёна

К сведению

Берагі рэк, крыніцы, турыстычна прывабныя месцы, падведамасныя тэрыторыі, домаўладанні павінны быць зонай, свабоднай ад смецця. Гэтая праца ў раёне праводзіцца добрымі тэмпамі. А пытанне навядзення парадку на зямлі знаходзіцца пад няспынным кантролем як прыродаахоўнай і санітарнай, так і землеўпарадкавальнай службы райвыканкама.


Mенавіта землеўпарадкавальнікі ў адказе за ажыццяўленне кантролю за выкарыстаннем і аховай земляў. Яны з усёй жорсткасцю закона падыходзяць да нядбайных гаспадароў, якія трымаюць ў беспарадку свае зямельныя надзелы.


– Сёлета нашай службай яшчэ больш увагі нададзена маніторынгу па пытаннях выкарыстання і аховы земляў на тэрыторыі раёна, – расказвае галоўны спецыяліст па дзяржаўным кантролі землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Генадзь Алегавіч Аўчыннікаў. – За студзень-май 2014 года намі праведзена 95 праверак у гэтым накірунку, у тым ліку ацэнены ўмовы гаспадарання 54 фізічных і 38 юрыдычных асоб, 3 індывідуальных прадпрымальнікаў.


У цэлым па раёне шмат чаго робіцца па акультурванні вёсак і гарпасёлка, навядзенні парадку на зямлі. Аднак, нягледзячы на вялікі аб’ём ліквідаваных несанкцыянаваных звалак, яшчэ сустракаецца нямала парушэнняў зямельнага заканадаўства. На жаль, у ходзе праверак некаторыя домаўладанні сустракалі гасцей пустазеллем і быльнёгам у рост чалавека, непрыемна здзіўляла безгаспадарчасць асобных жыхароў вёсак Пяцігарск, Гняздзілава, Фролкавічы, Шарыпіна, Вярхоўе. Таму нядбайных гаспадароў прызвалі да адказу. Па выніках маніторынгу вынесена 49 прадпісанняў. З іх 33 датычыліся фізічных асоб, 15 – юрыдычных, 1 – індывідуальнага прадпрымальніка.


На кантроль землеўпарадкавальнай службы і пракуратуры раёна таксама ўзяты ўчасткі, што выдзяляліся грамадзянам пад новае будаўніцтва. Указ №667 ад 27 снежня 2007 года «Аб адабранні і прадастаўленні зямельных участкаў» патрабуе, каб на працягу года на месцы будучай забудовы былі распачаты работы па ўзвядзенні жылля. У адваротным выпадку парушальнікі штрафуюцца, а пры далейшым ігнараванні патрабаванняў заканадаўства ў адносінах да іх у судовым парадку ўзбуджаюцца іскі аб спыненні права ўласнасці на зямлю.


– З парушальнікамі зямельнага заканадаўства размаўляем на мове закона, – падкрэсліў Г. А. Аўчыннікаў. – Так, за парушэнне выкарыстання і захавання ўрадлівасці глебы за 5 месяцаў 2014 года аформлены 11 пратаколаў, выдадзена 5 пастаноў аб адміністрацыйнай адказнасці на агульную суму 7 мільёнаў 110 тысяч рублёў. Жыхары раёна атрымалі штрафы ў памеры адной базавай велічыні за тое, што не прынялі меры па навядзенні парадку ля жылога дома. Спадзяюся, што «ахвяры» ўласнай безгаспадарчасці больш не рызыкнуць парушаць закон.


…Між іншым, смецце само з ніадкуль не з’яўляецца. То там, то тут растуць сметнікі па прычыне нядбайнасці саміх гаспадароў, якія не спяшаюцца трымаць свае падворкі ў парадку і чысціні, за што караюцца рублём. А можа ўсё ж такі танней было б прыбрацца за сабой?



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *