На землях ДП ПалітаддзелецАгра адбыўся раённы семінар

Заботы сельские

На 10-гектарным полі ля вёскі Чаўнышкі вялася сяўба азімых збожжавых. За работай механізатара Сяргея Мікалаевіча Гусакова ўважліва назіраў галоўны аграном ДП «ПалітаддзелецАгра» В. Ю. Аўчыннікаў.


— Сёння мы ўжо засеялі 30 гектараў азімай пшаніцы сорту «Капылянка» першай рэпрадукцыі, цяпер пераехалі на гэты ўчастак, – расказвае Вадзім Юр’евіч. – Перад ворывам унеслі мінеральныя ўгнаенні, потым у два сляды зрабілі чызеляванне і адразу пусцілі сеялку. Агульная сяўба азіміны зойме 1600 гектараў, 1300 з іх – збожжавыя культуры.


Сёлета сяўба азімага кліна пройдзе з 20 жніўня па 20 верасня. Для азімай пшаніцы аптымальныя тэрміны – з 20 жніўня па 10 верасня, трыцікале – з 25 жніўня па 15 верасня, жыта – з 1 па 20 верасня.


Менавіта тут, на землях ДП «ПалітаддзелецАгра», адбыўся раённы семінар, куды былі запрошаны кіраўнікі і галоўныя аграномы гаспадарак, прадстаўнікі райсельгасхарчу. Яго тэма – арганізацыя і тэхналогія сяўбы азімых збожжавых культур.


Папярэднія вынікі бягучай уборачнай кампаніі ў раёне падвёў старшыня райвыканкама Леанід Канстанцінавіч Пянькоўскі:


– Сёлета мы сабралі звыш 50 тысяч тон збожжа. Гэта больш леташняга. Аднак і дасягнутая лічба для раёна не мяжа, – падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. – Высокія намалоты атрымалі ў «ААБ-Агра Наватар», «ПалітаддзельцыАгра». Вялікія надзеі мы ўскладваем на астровенскіх і вядзераўскіх земляробаў. Бачым і недахопы ў рабоце аграпрамысловага комплексу. Трэба яшчэ больш уважліва папрацаваць з тэхналогіяй і культурай вырошчвання збожжавых, насеннем, а галоўнае – дакладна разабрацца агранамічнай службе гаспадарак, што і на якім полі збіраемся сеяць. Асаблівую ўвагу звяртаю на якасць сяўбы азімых збожжавых і яе тэрміны. Што пасеяна своечасова, тое дае высокі канчатковы вынік. Неабходна стварыць спецыяльны канвеер хода сяўбы і не парушаць яго, не дапускаць збояў у рабоце.


Далей Леанід Канстанцінавіч засяродзіў увагу прысутных на арганізацыйных момантах сяўбы азімых збожжавых, рэжыме работы, харчаванні, заработнай плаце, чысціні палёў і іншых важных і злабадзённых пытаннях.


Свае погляды на сёлетнюю сяўбу азімых збожжавых выказалі першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення райсельгасхарчу Сяргей Генадзьевіч Акуневіч і яго першы намеснік Андрэй Анатольевіч Булаўкін. Іх выступленні былі канкрэтнымі, абгрунтаванымі. Як гэта паўплывае на ўвесь тэхналагічны працэс сяўбы, наколькі заўвагі і парады ўспрынялі прысутныя, пакажа канчатковы вынік ужо сёлетняй восенню і на наступны год, калі прыйдзе ўборачная пара. А пакуль хочацца сказаць земляробам: у добры шлях, сейбіты!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *