Приглашают детские здравницы

Новости района

Заканчваецца чарговы сельскагаспадарчы год. Прадпрыемствы падводзяць вынікі, вызначаюць лепшых працаўнікоў. Іх, годных, адказных, улюблёных у працу, нямала. Ганарыцца сваімі кадрамі можа і такая гаспадарка, як СГУП «Вядзерава», у калектыве якой налічаецца 110 працаўнікоў.


Сельгаспрадпрыемства мае нядрэнныя паказчыкі ў жывёлагадоўлі: з 2199 галоў 720 – дойныя каровы, 2877,9 тоны – валавы надой малака за 10 месяцаў бягучага года. Сярэдні ўдой на карову – 3997 кг. Сярэднясутачныя прывагі – 662 г. Са студзеня па кастрычнік бягучага года атрымана прыплоду 661 цяля. Тэмп росту ў жывёлагадоўлі – 107,4% да мінулага года, у раслінаводстве – 120,8%.


У ліку перадавікоў гаспадаркі знаходзяцца аператар машыннага даення Г. М. Фралова, даглядчык па дагадоўванні цялят М. М. Кіндзяшава. Лепшай прызнана і малочнатаварная ферма «Чанавічы». На адвозцы збожжа ў перадавіках знаходзяцца С. Л. Іваноў, У. Л. Сазонаў і І. І. Семянькоў, а на сяўбе – С. У. Бутанаў. На пад’ёме зябліва вылучыўся А. І. Нікіфарэнка.


Наведаць прадпрыемства было цікава, тым больш што людзі сустракалі ветліва, з радасцю апавядалі пра свае працоўныя будні і адпачынак. Напрыклад, Т. У. Семянькова, якая з’яўляецца дыспетчарам, загадвае складамі ГЗМ і запчастак. Руплівая жанчына паспявае ўсё: і на працы завіхаецца, і дома гаспадарку даглядае.


– Дзесьці ўсё роўна трэба працаваць, каб гадаваць дзяцей, даць ім усё самае лепшае,– кажа Таццяна Уладзіміраўна. – Ды і ўнукам хочацца дапамагчы. Увесь вольны час імкнуся праводзіць з імі. Трымаю гаспадарку: курэй, свіней, катоў ды сабак. Стараюся, каб усё было спраўна. Зараз працуецца спакойна, а ўвесну адпачываць асабліва не прыходзіцца. З раніцы запраўляю тэхніку, потым на адзін склад, на другі. Бывае, прыходзіцца і ўвечары вяртацца, выдаць дэталі. Але гэта – жыццё. Яно ў кожнага складаецца па-свойму. Асабіста я маю 25 гадоў працоўнага стажу ў гаспадарцы і не шкадую, што засталася на радзіме, дзе шмат знаёмых і палова жыхароў – сваякі. Тут расла я, муж, нашы дзеці, а цяпер і ўнукі. Нам падабаецца, таму і засталіся на пастаяннае месцажыхарства.


Таццяна Уладзіміраўна – жанчына актыўная, жыццярадасная. Такія супрацоўнікі ўсюды патрэбны, яны – багацце кожнай гаспадаркі. Узяць хаця б механізатара А. І. Дзенісенку, які далучыўся да размовы. Аляксей Ігаравіч таксама мясцовы жыхар. Дзень яго пачынаецца тады, калі ўстае сонца. Мужчына любіць сваю тэхніку і жарты, а ў вольны час – рыбалку.


– Бывае, стомішся так, што ўжо нічога не хочацца,– кажа ён, – але вудзіць рыбу – гэта святое. Асабліва ўзімку (летам не выпадае). Самы значны мой улоў – рыба вагой 8 кг. Каб такую злавіць, даводзіцца папакутаваць. Затое вынікі радуюць. Я люблю сваю сям’ю: жонку і двухгадовую дачушку. Паважаю працу на зямлі, таму і не захацеў пакідаць родныя мясціны. Тут таксама нядрэнна працаваць. Круці баранку, толькі ведай, як круціць. А яшчэ ў нас чароўная прырода, таму і адпачынак цудоўны. Люблю цішыню, бо толькі пра яе і марыш, напрацаваўшыся за дзень. Увогуле жыццё ў нас такое, як заўсёды бывае ў сельскай мясцовасці, часам цяжкае, але не пазбаўленае свайго прыцягальнага хараства.


Пагаварыўшы з кожным пра сёе-тое, зразумела, што людзі, якія тут працуюць, нягледзячы на розныя складанасці, усё ж такі шчаслівыя. Праўда, у кожнага шчасце сваё: сям’я ці праца, рыбалка ці паляванне. Няхай жа яго каштоўныя імгненні цягнуцца як мага даўжэй, праца будзе задавальняць, а любімыя людзі – заўсёды радаваць.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *