Бешенковичская районная организация ОО Белорусский союз офицеров отметила своё 10-летие

Событие

Мы цяпер па-за армейскага строю,


Мы ў запасе, у адстаўцы зараз,


Але душа не прымае спакою,


Баявы дух у нас не згасае.


Гэтыя словы з гімна»Беларускага саюза афіцэраў» як нельга дарэчы адлюстроўваюць сутнасць дзейнасці Бешанковіцкай раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» («БСА»), якая з’яўляецца адной з самых актыўных і ўплывовых грамадскіх арганізацый краіны, і рэгіёна ў прыватнасці, з ярка выяўленай патрыятычнай накіраванасцю.


Пра гэта і многае іншае ішла размова на ўрачыстым сходзе, што быў прысвечаны 10-годдзю стварэння на Бешанковіччыне гэтага «баявога» грамадскага аб’яднання. Сустрэча праходзіла ў мінулую суботу ў ваенным камісарыяце Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў. У прызначаны час тут сабраліся афіцэры запасу ў суправаджэнні сваіх жонак. Бо менавіта яны, самаадданыя жанчыны, гатовыя заўсёды ісці за сваімі мужамі і трываць усе нягоды вайсковай справы ў імя сям’і і доўгу, забяспечваюць для абаронцаў Айчыны надзейны тыл і апору.


На юбілей раённай арганізацыі «БСА» прыбылі і ганаровыя госці – старшыня Віцебскай абласной арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» гвардыі палкоўнік у запасе С. В. Глушчук, яго намеснік капітан 2-га рангу ў запасе С. С. Дзянісаў, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» В. В. Сафонаў, ваенны камісар Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў А. М. Савіч.


Урачысты сход пачаўся з хвіліны маўчання. Афіцэры такім чынам ушанавалі памяць аб сваім таварышы, былым начальніку РАУС Анатолі Піліпавічы Зямко, які сёлета заўчасна пайшоў з жыцця. Затым слова ўзяў старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Я. І. Вербалоз.


Яўген Іванавіч адзначыў, што «Беларускі саюз афіцэраў» – арганізацыя ў прамым сэнсе баявая. У арсенале саюза – вопыт і афіцэрскі гонар. За 10 гадоў свайго існавання на Бешанковіччыне «БСА» ператварыўся ў дзейную грамадскую сілу з выразна арыентаванай дзяржаўнай пазіцыяй. Саюз эфектыўна абараняе законныя правы і інтарэсы афіцэраў і іх сем’яў, актыўна ўдзельнічае ў грамадска-палітычным жыцці рэспублікі і рэгіёна, патрыятычным выхаванні падрастаючага пакалення, выпраўляе прызыўнікоў у армію, садзейнічае падтрыманню належнай абараназдольнасці Рэспублікі Беларусь, стварэнню неабходных умоў і магчымасцяў для эфектыўнага выкарыстання ў нацыянальных інтарэсах патэнцыялу і вопыту афіцэрскага саставу.


Такая плённая дзейнасць прынесла грамадскаму аб’яднанню заслужаную павагу як сярод вайскоўцаў, так і сярод грамадзянскага насельніцтва. У цяперашні час у яго радах налічваецца 20 афіцэраў, якія знаходзяцца ў страі, запасе і адстаўцы.


Шмат цёплых слоў у адрас афіцэрскага братэрства Бешанковіччыны ў гэты святочны дзень прагучала і з вуснаў С. В. Глушчука. Сяргей Вітальевіч падзякаваў членам «БСА» за праяўленую ініцыятыву па ўшанаванні памяці воінаў 186-й стралковай дывізіі і курсантаў Лепельскага мінамётнага вучылішча, якія стаялі да смерці, абараняючы нашу зямлю ад фашысцкіх захопнікаў у ліпені 1941 года, і ўсталявалі летась у іх гонар памятны знак на правым беразе ракі Заходняя Дзвіна практычна на мяжы Бешанковіцкага і Шумілінскага раёнаў.


Ён таксама зачытаў памятны адрас, пажадаў віноўнікам урачыстасці моцнага здароўя, сіл і энергіі на доўгія гады, вялізнага чалавечага шчасця, бадзёрасці духу, здзяйснення ўсіх планаў і ўручыў заслужаныя ўзнагароды. Ад імя ваеннага камісарыята Віцебскай вобласці Ганаровай граматай узнагароджана Бешанковіцкая раённая арганізацыя ГА «БСА» за вялікі ўклад у ваенна-патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі з 10-годдзем свайго стварэння. С. В. Глушчук таксама ўручыў памятны медаль «20 гадоў Беларускаму саюзу афіцэраў» маёру ў адстаўцы Сяргею Аляксеевічу Гарбачову.


Віноўнікаў урачыстасці павіншаваў і ваенны камісар А. М. Савіч. Андрэй Міхайлавіч адзначыў граматай АРВК за значны ўклад у героіка-патрыятычнае выхаванне моладзі, удзел у грамадскім жыцці ваеннага камісарыята старшага лейтэнанта запасу Аляксандра Цімафеевіча Бутанава.


Я. І. Вербалоз падхапіў віншавальную эстафету і ўручыў самым актыўным сем’ям членаў «БСА» пахвальныя лісты. Сярод узнагароджаных былі сем’і афіцэраў А. В. Бурнэйкі, С. А. Гарбачова, Е. В. Палеснікава, С. А. Лазукі. Каштоўны падарунак атрымаў і старшы лейтэнант запасу А. С. Падольскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *