На МТК Верховье УП Свитино-ВМК работают настоящие профессионалы

Человек и его дело

Яна не апранае на працу прыгожую сукенку, не праводзіць рабочы час у цёплым кабінеце за камп’ютарам. Яе рукі ў мазалях, а погляд хоць і аптымістычны, але крыху стомлены. Гэтая маладая жанчына пайшла не па самым лёгкім працоўным шляху і абрала для сябе прафесію, якая сёння лічыцца не самай прэстыжнай. Алена Алегаўна Шчука – аператар машыннага даення кароў, а месца яе працы – малочнатаварны комплекс «Вярхоўе» УП «Свіціна-ВМК».


Алена Алегаўна ў сельгаспрадпрыемстве чалавек адносна новы, бо працуе ў жывёлагадоўлі ўсяго 2 гады. І за гэты невялікі адрэзак часу даярка зарэкамендавала сябе добрасумленным і працалюбівым работнікам, які вызначаецца высокай працаздольнасцю, а таксама настойлівасцю ў дасягненні пастаўленых мэт. Менавіта гэтыя якасці дазволілі ёй дасягнуць дастойных вынікаў у рабоце. І Алена Шчука заслужыла права абараняць гонар УП «Свіціна-ВМК» на раённым конкурсе аператараў машыннага даення кароў, дзе даярка прадэманстравала прафесіяналізм і заняла ганаровае першае месца.


Чалавеку, далёкаму ад сельскай гаспадаркі, цяжка прывыкнуць да распарадку дня жывёлаводаў, які ніяк не ўпісваецца ў фармат звычайнага васьмігадзіннага. Тры разы на дзень доіць яна свой невялікі статак у 60 галоў. Ранішняя дойка пачынаецца ў 4 гадзіны, у абед каровы чакаюць сваю даярку да 12, а вечарам – да 18 гадзін. Алену Алегаўну цяжкасці прафесіі не палохаюць, яна з радасцю прыходзіць на працу і ўвогуле вядзе актыўны лад жыцця.


Сярод калег Алена Алегаўна карыстаецца заслужаным аўтарытэтам, у калектыве яе паважаюць. І гэта невыпадкова. Справа ў тым, што вельмі многае ў рабоце даяркі залежыць ад акалічнасцей, і добры вынік мае той, хто ўлічвае нават дробязі, усё робіць больш старанна і акуратна, больш хутка і граматна, так, як Алена Алегаўна Шчука. Напэўна таму адзін з лепшых паказчыкаў у рабоце сярод даярак УП «Свіціна-ВМК» належыць менавіта гэтаму рупліваму аператару машыннага даення. За сем месяцаў бягучага года Алена Шчука надаіла 194,5 тоны малака і атрымала на карову 3657 кілаграмаў. Яна з клопатам адносіцца да кожнай буронкі, калі спатрэбіцца, лечыць, ды й працэнт выбыцця «пяструшак» у яе гурце невялікі.


– Усе прафесіі патрэбныя, а жывёлаводы, даяркі – тым больш. Купляючы ў магазіне пакет малака ці іншую малочную прадукцыю, людзі і не задумваюцца, колькі сіл укладзена ў тое, каб гэтыя прадукты траплялі ў іх рукі. У гэтым немалы ўклад і даярак нашай гаспадаркі, – лічыць Алена Алегаўна і мае рацыю.


Кіраўніцтва УП «Свіціна-ВМК» вельмі цэніць гэту нешматслоўную, сціплую жанчыну за надзейнасць і добрасумленныя адносіны да працы, спакойны і разважлівы характар. Нават выдзелілі руплівай даярцы жыллё ў аграгарадку Вярхоўе. Праўда, хатнюю гаспадарку А. А. Шчука не трымае, часу, які застаецца пасля працы на комплексе, хапае толькі на выхаванне дачушкі і, мяркуючы па водгуках аднавяскоўцаў, выхоўвае нядрэнна.


Дзякуючы вось такім людзям развейваюцца міфы аб непрэстыжнасці прафесіі даяркі. Алена Шчука і пры цяжкай працы застаецца добрай, ветлівай і шчырай. Няхай і без занадта моднага манікюру, але з прыгожымі, светлымі думкамі і сэрцам.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *