Августовские Спасы в агрогородке Бочейково

Событие

Першы фестываль духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы», прысвечаны жнівеньскім праваслаўным святам – Яблычнаму, Мядоваму і Арэхаваму (яго яшчэ часам называюць Хлебным або Ільняным) Спасам, прайшоў у мінулую суботу ў аграгарадку Бачэйкава.


Свята разгарнулася не на жарт. Урачыстае адкрыццё пачалося раніцай: у Спаса-Праабражэнскай царкве ішла святочная служба. Пасля яе стартаваў шэраг шматлікіх святочных мерапрыемстваў.


З прывітальным словам і віншаваннямі да прысутных звярнуліся начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак, старшыня Бачэйкаўскага сельвыканкама Галіна Віктараўна Шчука і настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы айцец Сергій, які блаславіў усіх удзельнікаў.


Жыхары і госці Бачэйкава акунуліся ў атмасферу жывой музыкі, чыстых гукаў, шчырых эмоцый, змаглі адпачыць і зарадзіцца энергіяй. Адным словам, святкавалі Яблычны Спас, які ў царкоўным календары – Праабражэнне Гасподняе. Людзі размаўлялі, дзяліліся думкамі і ўражаннямі, весяліліся (у гэтым ім выдатна дапамагаў клоўн Кеша), усміхаліся, наведвалі разнастайныя выставы, сярод іх – экспазіцыі духоўнай літаратуры «Залаты ключ духоўнасці» і дзіцячых малюнкаў «Прыгажосць жыве ўсюды», вышытых абразоў «І лік святы нам душу грэе» мясцовага майстра Надзеі Краско, выстава-продаж прадуктаў пчалярства «На мядок разявай раток» клуба пчаляроў-аматараў. Нельга было прайсці і не палюбавацца работамі таленавітых майстроў раённага Дома рамёстваў і вясковых умельцаў «Скарбонка талентаў». Многім хацелася пакінуць на памяць які-небудзь сувенір, якімі і сталі работы майстроў народнай творчасці.


Нікога не пакінула абыякавым тэатралізаванае прадстаўленне: гаспадар з паўнюткімі кашамі садавіны, дзяўчаты, што адорвалі ўсіх асвячонымі ў царкве яблыкамі… Сонца, цеплыня, яркае сіняе неба – надвор’е спрыяла святу, таму жыхары весяліліся, хтосьці нават набыў салодкага мядку на выставе-продажы, хтосьці – вырабы з гліны, лазы і саломы. Знайшліся і такія, што адважыліся паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі, а яшчэ паспытаць традыцыйныя беларускія стравы, якія прыгатавалі ўдзельніцы народнага клуба беларускай нацыянальнай кухні, фальклора і гульні «Бараболя» і работнікі сельскіх устаноў культуры. Чаго толькі тут не было: пірагі і піражкі, бліны і аладкі, іншыя смачнасці і ўсё гэта – для сапраўдных гурманаў з яблыкамі, павідлам ці варэннем! Быў і кампот яблычны, і дранікі, і вуха… Ах, якая смаката! Працаваў таксама «Духмяны закуток», дзе загадчыца Свячанскага клуба-бібліятэкі Зінаіда Аляксандраўна Матора знаёміла ўсіх з лекавымі травамі, расказвала пра іх цудоўныя ўласцівасці.


Акрамя таго, у рамках фестывалю дзеці і дарослыя прынялі ўдзел у конкурсе мастацкай творчасці «Божыя іскрынкі», дэкламавалі вершы і прозу духоўнага зместу. Лепшымі сталі Любоў Грыгаровіч, Ігар Грыбанаў, Лізавета Шлыкава і танцавальная група «Таццяна».


Аматараў патанчыць запрасілі на пляцоўку, дзе выступалі калектывы мастацкай самадзейнасці раёна: народны самадзейны фальклорны гурт «Крыніца», народны ансамбль народнай песні «Уляначка», ансамблевая група народнага аркестра народных інструментаў. Гледачы выходзілі з задавальненнем, бо танцы ім прыйшліся даспадобы: імклівы кракавяк, жвавая полька, плаўны вальс і каларытны падэспань. Не давялося сумаваць і дзецям. Спецыяльна для іх падрыхтавалі гульнявую праграму (па матывах беларускіх народных гульняў) «Цок-цэгірок», а маленькія ўдзельнікі маглі яшчэ і паскакаць на батуце.


Завяршылася свята толькі ўвечары. Стомленыя, але шчаслівыя ўдзельнікі і госці глядзелі эстрадны канцэрт маладых талентаў Бешанковіччыны. Варта адзначыць, што, хоць і арганізавана мерапрыемства ўпершыню, аднак з боку мясцовых жыхароў ужо адчуваецца досыць высокая да яго цікавасць. А як жа інакш, калі ў ім аб’ядналіся намаганні людзей па захаванні народных традыцый і духоўнасці, што заўсёды, задоўга да з’яўлення пісьменнасці, былі адлюстраваннем жыцця беларускага народа?


На жаль, духоўная спадчына сёння часцей набывае камерцыйны характар, духоўная культура часцей падмяняецца масавай, спажывецкай, але падобныя фестывалі дапамагаюць захаваць лепшыя здабыткі культурнай спадчыны для росту свядомасці народа, выхавання дзяцей, ушанавання памяці продкаў…


Фестываль духоўнай творчасці і культуры – гэта сапраўднае свята творчых зносін усіх, хто жадае дакрануцца да шматграннай хрысціянскай культуры, задумацца пра стан сваёй душы і (што самае галоўнае для чалавека) змяніцца духоўна самому. Застаецца спадзявацца, што яно стане традыцыяй, брэндавым мерапрыемствам Бешанковіцкага краю, з кожным годам будзе збіраць усё больш гасцей і несці людзям радасць.


Марыя САНЬКО.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *