Жительница Бешенковиччины награждена орденом Матери

Общество

Сярод мноства каляндарных святаў Дзень маці, дата святкавання якога прымеркавана да вялікага праваслаўнага свята – Пакрова Прасвятой Багародзіцы, займае асаблівае месца. Бо гэта свята прысвечана самаму роднаму і блізкаму, галоўнаму чалавеку ў жыцці кожнага з нас.


Урачыстасць, прымеркаваная да Дня маці, што адбылася ў пятніцу ў РЦК, была прасякнута пачуццём вялікай удзячнасці, цеплынёй, увагай да матулі. Бо не сакрэт, што менавіта на маці ўскладзена місія па выхаванні дзяцей і ўмацаванні сям’і. Асаблівыя словы ўдзячнасці і захаплення прагучалі і ў адрас тых, хто спазнаў не толькі радасць мацярынства, але і радасць ад нараджэння ўнукаў і нават праўнукаў, прычым адразу ў двайным памеры.


«Святкаванне Дня маці ў нашай краіне служыць прыкладам захавання сямейных каштоўнасцей, бо моцная сям’я – залог росквіту грамадства. Нізкі паклон шматдзетным маці і жанчынам, якія выхоўваюць прыёмных дзяцей. Ад усёй душы віншую вас са святам, жадаю доўгіх гадоў жыцця, каб вашы дзеці і ўнукі прыносілі толькі радасць і гонар. Здароўя, шчасця, дабрабыту і дастатку ў доме!» – вітаў падчас урачыстасці прыгожую палову Бешанковіччыны старшыня раённага выканаўчага камітэта А. А. Булаўкін. Андрэй Анатольевіч уручыў ордэн Маці жыхарцы в. Семянцова Вользе Валер’еўне Майструк – паляводу ЗАТ «ААБ-Агра Наватар», якая нарадзіла і выхоўвае з мужам Паўлам Паўлавічам (ён працуе механізатарам у гэтай жа гаспадарцы) шасцярых дзяцей.


Старэйшыя дочкі Ірына і Наталля ўжо маюць свае сем’і, сын Анатоль вучыцца ў каледжы, дзе набывае спецыяльнасць «Эканамічная дзейнасць і паслугі», дачка Ангеліна – вучаніца 3-га класа Ржаўскай д/сад-СШ. Малодшыя дзеці Марыя і Максім наведваюць дзіцячы садок.


Сям’я Майструк пражывае ва ўласным доме, у якім заўжды чысціня і парадак. На падворку ў іх шмат хатняй птушкі, свінні. Кожны з дзяцей па меры сваіх магчымасцей дапамагае дарослым даглядаць жывёл, вырошчваць агародніну і садавіну. Вольга Валер’еўна – працалюбівая, гаспадарлівая жанчына, гэтыя рысы характару перадае сваім сынам і дочкам. Дзеці ў сям’і Майструк з малых гадоў прывучаны працаваць, эканомна траціць заробленае. У вялікай сям’і не выпадае перажываць пра тое, як паспець выканаць усё. Спраўляюцца проста: бяруцца за справу і выконваюць, і ўсё – з радасцю, атрымліваючы мора станоўчых эмоцый. І так ва ўсім. Ганарыцца маці сваімі памочнікамі, бо растуць яны стараннымі, руплівымі і працавітымі.


– Шматдзетнай сям’ёй быць нялёгка, у кожнага дзіцяці – свой характар, – адзначае В. В. Майструк. – Бацькоўскай ласкі ды ўвагі хочуць усе, а гэта займае шмат часу. Акрамя таго, хатнія справы дабаўляюць клопату, але я стойка ўсё пераадольваю…


І сапраўды, Вольга Валер’еўна – ураўнаважаны і таварыскі чалавек, а самае галоўнае – цудоўная маці і жонка. Дзякуючы яе намаганням, самаадданасці, ініцыятыве, будуецца дружная і ладная сям’я. У доме Вольгі і Паўла Майструк заўсёды пануе цеплыня і ўтульнасць, павага адзін да аднаго, згуртаванасць, гучыць радасны дзіцячы смех, добразычлівая атмасфера выклікае схільнасць да цёплых адносін.


Дарэчы, у Бешанковіцкім раёне сёння жыве 147 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваецца 481 дзіця. 9 сем’яў прынялі на выхаванне 11 дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Праца маці адзначаецца высокімі ўзнагародамі Радзімы. Сярод іх галоўная – ордэн Маці. Гэтай высокай узнагароды пачынаючы з 1996 года ў нашым раёне ўдастоены 15 матуль. Толькі за апошнія 5 гадоў акрамя В. В. Майструк ордэнам Маці адзначаны яшчэ 3 жанчыны, якія нарадзілі і годна выхоўваюць пяцёра і больш дзяцей. Гэта жыхаркі райцэнтра Наталля Канстанцінаўна Крукава (5 дзяцей) і Вольга Пятроўна Лукашэвіч (6 дзяцей), Наталля Пятроўна Рэуцкая (5 дзяцей) з аграгарадка Будзілава.


У мэтах павышэння прэстыжу мацярынства і ўмацавання інстытута сям’і, прапаганды вопыту выхавання дзяцей на Віцебшчыне ў 2004 годзе зацверджана прэмія аблвыканкама імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. За гэты час яе ўдастоены 14 жыхарак раёна. З 2012 па 2017 год лаўрэатамі прэміі сталі шэсць нашых зямлячак. Сярод іх Жанна Валер’еўна Бурак з аграгарадка Вярхоўе, Марына Пятроўна Протас з аграгарадка Бачэйкава, Наталля Васільеўна Гмір, Вольга Віктараўна Скрыпкіна, Ала Мікалаеўна Галдобенка – жыхаркі райцэнтра. Напярэдадні Дня маці спіс лаўрэатаў прэміі папоўніўся прозвішчам Марыны Сяргееўны Галькоўскай з г. п. Бешанковічы.


Мяняюцца часы, прыходзяць новыя пакаленні, але дзіўныя душэўныя якасці нашых матуль – прыгажосць, жыццёвая мудрасць, дабрыня, сардэчнасць і каханне – застаюцца нашымі вечнымі каштоўнасцямі. Шчаслівы той чалавек, якога захоўвае матчына любоў і малітва.


Урачыстасць у РДК завяршылася тэматычным канцэртам «Святло мацярынства – святло любові», падрыхтаваным работнікамі культуры, удзельнікамі мастацкай самадзейнасці, юнымі танцорамі і вакалістамі. У фінале праграммы артыстам былі падораны кветкі ад старшыні райвыканкама.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *