Нізкі паклон за самаадданую працу на зямлі

Заботы сельские

Заўсёды ў нашага народа было асаблівае стаўленне да працы на зямлі, да тых, хто на ёй працуе. Гэта цягнецца спрадвеку, бо калісьці кожны чалавек сваімі рукамі вырошчваў хлеб, гадаваў жывёлу, каб накарміць сваю сям’ю. І няхай ужо зараз большасць жыве ў гарадах, ды і вяскоўцы не ўсе займаюцца сельскай гаспадаркай, але павага да земляроба засталася. Для нашага раёна сельская гаспадарка заўжды была вядучай галіной эканомікі. Таму і асаблівая ўвага да гэтага свята – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. Аб буднях тых, хто клапоціцца пра тое, каб у нашым штодзённым рацыёне былі малочныя і мясныя прадукты, садавіна і агародніна, наша гутарка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам упраўлення райсельгасхарчу С. Г. АКУНЕВІЧАМ.


– Сяргей Генадзьевіч, якім быў бягучы год для аграрыяў раёна?


– Сёння стаўка робіцца на строгае выкананне ўсіх элементаў тэхналогіі вытворчасці ў жывёлагадоўлі, укараненне высокаўраджайных гатункаў і прагрэсіўных прыёмаў у раслінаводства. У цэлым па раёне за 10 месяцаў 2017 года валавы аб’ём прадукцыі сельскай гаспадаркі склаў 47,5 млн рублёў, ці 100,4% да ўзроўню 2016 года. Вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі склала 33,5 млн рублёў, ці 102% да леташняга, раслінаводства – 14 млн рублёў (95,7%).


– Якіх поспехаў удалося дасягнуць у раслінаводстве?


– 2017 год з вялікай колькасцю ападкаў, адносна халодным надвор’ем і капрызамі прыроды для хлебаробаў Бешанковіччыны стаў сапраўдным выпрабаваннем на прафесіяналізм і любоў да роднай зямлі, на жаль, пахваліцца важкім коласам сёлета не ўдасца. Валавы збор збожжа ў бункернай вазе склаў 35 тыс. тон пры сярэдняй ураджайнасці 26,4 ц/га. Вытворчасць бульбы ў 2017 годзе склала 1,2 тыс. тон пры ўраджайнасці 185 ц/га, рапсу – 2,7 тыс. тон пры ўраджайнасці 13,1 цэнтнера на круг.


Назапашана 27,7 тыс. тон (у пераліку на кармавыя адзінкі) травяністых кармоў, што на ўмоўную галаву жывёлы складае 18,3 цэнтнера кармавых адзінак. Па стане на 14 лістапада, паднята 6,2 тыс. гектараў зябліва, пасеяна азімых збожжавых 6560 га, азімых крыжакветных 2009 га.


– Якія вяршыні пакарыліся нашым жывёлаводам?


– За студзень-кастрычнік 2017 года валавая вытворчасць малака склала 25,1 тыс. тон, сярэдні надой малака на адну карову склаў 4287 кілаграмаў (прыбаўка на ўмоўную галаву да леташняга – 147 кілаграмаў, ці 3,3%).


Значных поспехаў па вытворчасці малака дасягнулі філіял «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат», дзе тэмп росту вытворчасці да ўзроўню мінулага года склаў 108,5%, ДП «ПалітаддзелецАгра» – 101,5%.


Вытворчасць (вырошчванне) жывёлы і птушкі ў раёне вырасла на 5,6% і склала 11,2 тыс. тон. Сярэднясутачныя прывагі на адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы дасягнулі 475 грамаў. Лепшыя вынікі па прывагах буйной рагатай жывёлы атрымалі ДП «ПалітаддзелецАгра» – 641 грам, філіял «Свіціна-ВМК» ААТ «Віцебскі мясакамбінат» – 607 грамаў. Рэалізацыя жывёлы і птушкі ў жывой вазе павялічылася на 14,5% і склала 10,3 тыс. тон.


– Сяргей Генадзьевіч, Вашы пажаданні працаўнікам вёскі…


– У гэты святочны дзень асаблівыя словы падзякі выказваю ветэранам аграпрамысловага комплексу. Мы высока цэнім ваш вопыт, майстэрства, вашу адданасць любімай справе. Словы ўдзячнасці хочацца выказаць перадавікам сельскагаспадарчай вытворчасці, пераможцам раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў. Жадаю ўсім працаўнікам аграрнай галіны моцнага здароўя, аптымізму, невычэрпнага запасу бадзёрасці і энергіі, сямейнага дабрабыту і шчасця на доўгія гады. Хай вашы «залатыя» рукі прыносяць не толькі даход, але і ўсе радасці жыцця, хай здзяйсняюцца запаветныя мары, а лёс радуе нечаканымі прыемнымі падарункамі!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *