Благодарности райкома профсоюза работников АПК удостоены председатель профсоюзной органиации ЗАО АСБ-Агро Новатор Татьяна Фёдорова и казначей-бухгалтер Ирина Савило

Общество

Прафсаюзная пярвічка ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» – адна з буйных у аграпрамысловым комплексе раёна. Яна аб’ядноўвае ў сваіх радах больш за 320 працаўнікоў гаспадаркі, а гэта 100% членства калектыва ў прафсаюзе.


Тут, на думку галоўнага бухгалтара райкама прафсаюза работнікаў АПК В. А. Кучынскай, добра пастаўлена работа па выкананні сацыяльных гарантый работнікаў, па абароне іх правоў і інтарэсаў, а ўзначальваюць пярвічку адказныя і старанныя людзі. Пацверджанне таму – Падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК, якімі з нагоды Дня работнікаў сельскай гаспадаркі былі адзначаны старшыня прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі Таццяна Іванаўна Фёдарава і казначэй-бухгалтар Ірына Леанідаўна Савіла.


– Перш-наперш працуем з людзьмі і дзеля людзей. Галоўнае – абарона іх правоў у працоўных адносінах, сацыяльна-эканамічных інтарэсаў, павышэнне адказнасці за вынікі асабістай працы. Шмат увагі ўдзяляем выкананню сацыяльных гарантый, паляпшэнню мікраклімату ў калектыве. Прафсаюз – гэта пляцоўка ўзаемнай падтрымкі людзей – сацыяльнай, духоўнай, маральнай і проста чалавечай, – адзначае Т. І. Фёдарава і дадае: – Ірына Леанідаўна – мая правая рука, адукаваны і старанны спецыяліст. Яна разумее значнасць фінансавай дысцыпліны ў справе ўмацавання і адзінства прафсаюзнага руху, годна вядзе ўсю дакументацыю.


Ірына Леанідаўна Савіла з фінансамі сябруе даўно. Да аб’яднання з ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» яна працавала галоўным бухгалтарам ў калгасе імя Заслонава. Цяпер з’яўляецца бухгалтарам па жывёлагадоўлі і сумяшчае асноўнае месца працы з грамадскай работай. Казначэй-бухгалтар не толькі вядзе пярвічную дакументацыю прафсаюзнай арганізацыі, але і кантралюе яе бюджэт, разбіраецца ў асновах і прафесійных сакрэтах фінансавай дзейнасці, аспектах бухгалтарскага ўліку, што ў канчатковым выніку станоўча адбіваецца на выкананні асноўнай мэты прафсаюзнага руху – абароне працоўных, сацыяльна-эканамічных правоў і законных інтарэсаў членаў прафсаюза.


– На гэтай грамадскай пасадзе я нядаўна. Лічу, што быць прафсаюзным «фінансістам» – гэта, у першую чаргу, адчуваць адказнасць за іншых людзей. Больш ведаць, чым іншыя, жыць інтарэсамі калектыву. Адчуваць праблемы людзей, суперажываць калегам. Вельмі важна за рашэннем пытанняў усяго калектыву не ўпусціць праблемы асобнага чалавека. А ўвогуле я працую не адна, са мной – прафсаюзныя актывісты. Мы разумеем адзін аднаго і разам здольныя на многія добрыя справы, – падзялілася Ірына Леанідаўна, працалюбівая жанчына, шчаслівая матуля і жонка, проста шчырай душы чалавек.


Прафсаюзныя лідары ЗАТ «ААБ-Агра Наватар» ганарацца, што прафсаюзу давяраюць. А як жа іначай? Бо актывісты імкнуцца дапамагаць людзям, як кажуць, і ў радасці, і ў горы. Віншуюць ветэранаў з Днём Перамогі і юбілеямі, часткова аплочваюць аздараўленчыя пуцёўкі, за сродкі прафсаюза збіраюць партфелі для дзяцей у школу. Сёлета, напрыклад, такая дапамога аказана 11 сем’ям. Вось і атрымліваецца, што прафсаюз – важная і патрэбная арганізацыя.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *