Приглашаем в Бочейково на фестиваль духовного творчества и культуры «Августовские Спасы»

Актуально Важное

19 жніўня праваслаўная царква адзначае Прэабражэнне Гасподняе — свята, якое атрымала ў народзе назву Яблычны Спас. З гэтай нагоды ў аграгарадку Бачэйкава ў другі раз ладзіцца фестываль духоўнай творчасці і культуры «Жнівеньскія Спасы».

«Жнівеньскія Спасы-2017» (фота з архіва «Зары»).

Стартуе фэст 19 жніўня ў 9 гадзін раніцы са святочнай службы ў Спаса-Прэабражэнскай царкве аг. Бачэйкава. У 12 гадзін пачнуць працаваць выставы духоўнай літаратуры «Залаты ключ», работ майстра вышывання Надзеі Краско «I лік святы нам душу грэе» і майстра арыгамі Ульяны Лабёнак «Прыгажосць жыве ўсюды».
У праграме таксама прэзентацыя святочнага фаст-фуда «Пір на ўвесь свет», выставы-продажы прадуктаў пчалярства «На мядок разявай раток» і работ майстроў народнага клуба «Скарбонка» раённага Дома рамёстваў. Стравы беларускай нацыянальнай кухні прадставіць народны клуб нацыянальнай кухні, гульні і фальклору «Бараболя», лекавыя травы, напоі, гарбаты можна будзе набыць у «Духмяным закутку». Да паслуг дзятвы — пляцоўка для гульні з атракцыёнамі.

Афіцыйнае адкрыццё фестывалю запланавана на 13 гадзін. Вас чакае тэатралізаванае прадстаўленне «Жнівеньскія Спасы» з удзелам народных калектываў раёна і гасцей фестывалю, конкурс духоўнай творчасці «Божыя іскрынкі», сямейны конкурс «Жнівень-багацей», гульнявая праграма для дзяцей і дарослых «Лавата», танцавальная праграма «Карагод сяброў» пад акампанемент народнага аркестра народных інструментаў. Аматарскі калектыў танцавальнай творчасці «Кружалі» рыхтуе майстар-клас пабытовых танцаў.

Вынікі фестывалю будуць падведзены ў 17 гадзін. Працягне вячэрнюю праграму эстрадны канцэрт «Жыві, кахай, спявай!», а завершыць святочны дзень тэматычная дыскатэка «Спасаўская вечарынка», якая пачнецца ў 21 гадзіну.

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *