Механизаторы ГП «ПолитотделецАгро» завершают уборку кукурузы

Актуально В трудовых коллективах Главное Заботы сельские

Восень працягвае весці лік працоўным будням. Каб зіму сустрэць у поўным узбраенні, працаўнікі вёскі актыўна праводзяць кампанію па корманарыхтоўцы. Зараз аграрыі Бешанковіччыны займаюцца нарыхтоўкай кукурузы на сілас. Пра тое, як у гэтым напрамку працуе ДП «ПалітаддзелецАгра», даведалася «Зара».

На ўборцы кукурузы палітаддзельскія працаўнікі
Андрэй Аўчыннікаў, Дзяніс Бадзяка і Сяргей Радкевіч.

У гаспадарку завіталі невыпадкова: тут самая высокая ў раёне ураджайнасць – 400 ц/га. Дырэктар прадпрыемства А. І. Камовіч асабіста адсочвае працэс, трымаючы сітуацыю пад кантролем, ды працаўнікі і самі разумеюць, што даручаную справу трэба выконваць сумленна, шчыруюць і на нябесную канцылярыю, ад капрызнага характару якой у сельскагаспадарчай галіне залежыць вельмі многае, не спасылаюцца.

На палітаддзельскіх палях пануе «Ладага» – сярэдняспелы гатунак кукурузы, ёй занята 350 гектараў. Па дадзеных на 26 верасня, тут убралі 77% плошчаў. Рупліўцаў, што задзейнічаны на ўборцы, мы сустрэлі на поле паміж Касарэўшчынай і Заполлем. Косяць і здрабняюць зялёную масу Віктар Сямёнавіч Ляховіч і Андрэй Міхайлавіч Аўчыннікаў, абодва за штурваламі «КВК -800». Адвозкай займаюцца Дзяніс Аляксандравіч Бадзяка на «МТЗ-2822», Юрый Іванавіч Валевіч на «МТЗ-1221» і Канстанцін Фёдаравіч Баўтрушка на «МАЗе-555». Трамбоўкай займаюцца Сяргей Аляксандравіч Радкевіч на «К-701» і Вячаслаў Анатольевіч Шэк на «Амкадоры-352».

Тое, што культура сёлета ўрадзіла, зразумела нават недасведчанаму ў аграноміі. Кабіна камбайна ледзь узвышаецца над зялёнай сцяной, за лічаныя хвіліны запаўняецца кузаў машыны. Царыца палёў набрала сілы і выйшла ў рост (амаль чатыры метры ўвышыню!), адсюль і ўраджайнасць такая. Дарэчы, не абмінаюць багатае поле і жывёлы: нярэдка наведваюцца дзікі, каб кукурузай паласавацца.

Як адзначыў Аляксандр Іванавіч, сёлета ў гаспадарцы плануецца закласці 11 тыс. тон кукурузы на сілас. Штодзень стратэгічны запас сіласу папаўняецца. Зараз ён складае 9651 тону. Працаўнікі будуць старацца закласці ў засекі максімальны аб’ём кукурузы, бо запас, як кажуць, бяды не чыніць.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *