Делегация Бешенковичского района побывала на областных «Дожинках» в Верхнедвинске

"Дажынкі -- 2018" у Верхнядзвінску Актуально Главное Заботы сельские

Пачынаючы з 1996 года ў канцы верасня Беларусь традыцыйна адзначае свята ўраджаю – «Дажынкі». Цэлы год нястомнай падрыхтоўкі выліваецца ў гулянне вялізнага маштабу. Яшчэ нашыя далёкія продкі, займаючыся земляробствам, адзначалі пачатак і канец жніва. Дзень першага снапа называўся «Зажынкі», а дзень апошняга атрымаў назву, якая стала своеасаблівым брэндам Беларусі, – «Дажынкі».

Дэлегацыя Бешанковіцкага раёна прыняла ўдзел
ва ўрачыстым шэсці працаўнікоў вёскі.

У гэтым годзе Віцебская вобласць узгадавала ўраджай у няпростых умовах надвор’я. На змену зацяжной спякоце ў многіх рэгіёнах Віцебшчыны прыйшлі праліўныя дажджы, шмат клопатаў прынеслі грады. У мінулую пятніцу ў Верхнядзвінску, дзе адбыўся абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018», капрызы надвор’я ўспаміналі часта. Не дзіўна, бо нават у гэты святочны дзень Верхнядзвінск сустракаў гасцей спачатку дажджом, а затым моцнымі парывамі халоднага ветру. Аднак надвор’е не сапсавала настрою.

Цэнтральныя вуліцы сталіцы рэгіянальных «Дажынак» на адзін дзень сталі пешаходнымі. На галоўных артэрыях горада раскінуліся гандлёвыя шэрагі і шматлікія выставы. Праграма мерапрыемстваў фестывалю-кірмашу была даволі насычанай, каб пабываць на кожнай з пляцовак, трэба было вельмі пастарацца. Так, дзівіцца ў Верхнядзвінску было чаму. Арганізатары не падвялі, свята, несумненна, запомніцца і жыхарам райцэнтра, і яго гасцям. Сярод апошніх была і дэлегацыя Бешанковіччыны. Кіраўніцтва раёна і сельгасвытворцы ў суправаджэнні творчых калектываў прынялі ўдзел у шэсці працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2018», а таксама ў цырымоніі ўручэння прэмій пераможцам працоўнага спаборніцтва.

Галоўныя віноўнікі ўрачыстасці прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў рэспубліканскай і абласной вертыкалі ўлады. Першым падзяку хлебаробам выказаў кіраўнік вобласці М. М. Шарснёў. Ён жа прыняў знамянуючы аб заканчэнні збору ўраджаю дажыначны сноп. Па словах Мікалая Мікалаевіча, нягледзячы на ўсе цяжкасці, а іх было нямала, аграрыі вобласці вытрымалі экзамен. Упершыню за гісторыю ў паўночным рэгіёне краіны па выніках жніва з’явіліся два экіпажы-чатырохтысячнікі. Хлебаробы гаспадаркі «Заазер’е» Лепельскага раёна Леанід Аляксеенка і Павел Ханяк усталявалі абсалютны рэкорд сёлетняй уборачнай, намалаціўшы 4412 тон збожжа, а ў экіпажа Аляксандра Камарова і Аляксея Беднева з філіяла «Задняпроўскі» Аршанскага раёна – 4042 тоны.

Уклад сельскагаспадарчых арганізацый вобласці ў рэспубліканскі каравай склаў 756 тысяч тон збожжа, трэць з якога сфарміравана інтэграцыйнымі структурамі. Абсалютным лідарам па валавым зборы збожжа з вынікам 77 тысяч тон стала Аршанская інтэграцыйная структура. Віцебшчына першая ў рэспубліцы выканала дзяржаўны заказ, у поўным аб’ёме засыпаўшы насенныя фонды. «Жніво паказала: лепшых вынікаў дамагаюцца тыя, хто шырока выкарыстоўвае дасягненні аграрнай навукі, прымяняе сучасныя тэхналогіі, высокаўраджайныя гатункі культур, працуе на высокапрадукцыйнай тэхніцы», – адзначыў старшыня аблвыканкама.

Заслужаную ўзнагароду атрымаў дырэктар Ульскага ліцэя А. А. Пашкевіч.

Дарэчы, пераможцам абласнога спаборніцтва ў жніве збожжавых стаў Віцебскі раён. Другое месца ў Верхнядзвінскага раёна, трэцяе – у Полацкага. Раёны, а таксама асобныя сельгаспрадпрыемствы і працаўнікі вёскі, якія вызначыліся ў ходзе ўборачнай кампаніі, атрымалі грашовыя прызы. Шэраг з іх за працоўныя поспехі ўзнагароджаны новай тэхнікай. За значны ўклад у павышэнне якасці і даступнасці адукацыі, у развіццё патэнцыялу моладзі і яе далучэння да грамадска карыснай дзейнасці трактар «Беларус-82» атрымала УА «Ульскі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскагаспадарчай вытворчасці ім. Л. М. Даватара». Цяпер, думаецца, дамагацца вынікаў ліцэю будзе яшчэ прасцей.

Адзін з такіх трактароў адправіўся
ў Ульскі ліцэй.

Несумненна, свята «Дажынкі» можна расцэньваць як магчымасць лішні раз сказаць «дзякуй» працаўнікам сяла за іх нялёгкую працу.

Святлана ВАРОШКА.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *