В «ДроздахАгро» работают трудолюбивые люди

Актуально В трудовых коллективах Главное Заботы сельские

Чалавек плануе, а лёс робіць па-свойму. І галоўнае – нягледзячы на ўсялякія такія яго «падарункі», захаваць аптымізм, радавацца кожнаму новаму дню і шчыра працаваць. Каб справа, якой займаешся, была па душы, каб працавалася з агеньчыкам у вачах. Завітаўшы напярэдадні свята ў КСВУП «ДраздыАгра», пазнаёміліся якраз з такімі людзьмі. Як бы ні выпрабоўваў лёс на трываласць, іх вера ў свае сілы толькі мацнее.

Даглядчыца цялят з фермы «Янаўшчына»
В. Ф. Сухарава.

Адны з высокіх паказчыкаў працы ў  Вольгі Фёдараўны Сухаравай, што даглядае цялятак прафілакторнага перыяду на ферме «Янаўшчына». Працаўніца гэта вопытная: 22 гады была аператарам машыннага даення. Аднак, калі пайшла на заслужаны адпачынак, з калектывам не развіталася. Цяпер у яе 18 падапечных (сярэднясутачныя прывагі з мая па кастрычнік – 692 г). Жыве непадалёку, так што дзіцячы сад для цялят заўсёды пад пільным вокам. Вольга Фёдараўна даглядае за жывёламі ад самага нараджэння на працягу двух месяцаў. На працы жанчына ўжо а палове сёмай: поіць малых малачком, раздае корм. Акрамя таго, яшчэ ж падаслаць і падмесці трэба. А палове дванаццатай зноў на працу, сёй-той занятак заўсёды знойдзецца, так азірнуцца не паспее, як дзень і міне. Працу заканчвае пасля дзевяці. Адказнае стаўленне да справы пераняла ад бацькоў (маці даяркай была, бацька – пастухом). Ды і самой працаўніцы ёсць чым ганарыцца – два сыны (адзін, як і маці, звязаў жыццё з сельскай гаспадаркай, працуе трактарыстам), дачушка, тры ўнукі. Тым, хто толькі ўступае ў прафесію, наша субяседніца жадае мець вялікае жаданне працаваць, тады ўсё будзе па плячы.

Г. А. Губарэвіч.

Імя Ганны Аляксандраўны Губарэвіч прагучала ў ліку лепшых аператараў машыннага даення гаспадаркі. У яе групе 57 буронак. Кожную па мянушцы заве: Зарана, Сава, Сільвія, Афрадыта… Усе аднолькава любімыя, патрабуюць увагі. За 10 месяцаў года валавы надой ад рагуль склаў 208 т малака, на карову – 3620 кг (у сярэднім жа па гаспадарцы ўдой на карову – 3282 кг). Дарэчы, прадпрыемства рэалізавала 64,6% малака гатунку «экстра» (за адпаведны перыяд мінулага года – 52,6%).

Родам працаўніца з Сененшчыны. З вясковай працай і раней была знаёма, таму, як пераехалі, пачала даіць буронак на МТФ «Дразды», дзе і шчыруе ўжо амаль 15 гадоў. Гаспадарка выдзеліла дом, сям’я і асела. Самі яблыні, грушы і слівы садзілі. Ганна Аляксандраўна – чалавек гаваркі, у размове нам не адмовіла. На працу яна прыйшла крыху раней, таму і затрымалася на хвілінку, узгадала мінулыя гады, дзяцінства. Аказваецца, жанчына пайшла па слядах маці, тая ўсё жыццё працавала на ферме (а бацька быў трактарыстам) і часта брала з сабой, вучыла любіць працу, жывёл. Дзве дачкі, два ўнучкі, дзве ўнучачкі мае наша субяседніца і цяжкасці пераадольвае з гумарам, чаго і ўсім жадае.

А. Базар, М. Калінін, А. Глушнёў, Д. Прапісноў.

Адказнымі і добрасумленнымі работнікамі з’яўляюцца таксама механізатары Аляксандр Аляксандравіч Базар і Алег Іванавіч Глушнёў, абодва шчыруюць на «МТЗ-1221», Дзмітрый Паўлавіч Прапісноў – на «МТЗ-3522», Міхаіл Міхайлавіч Калінін – на «Амкадоры». Увогуле ж кожны вясковы працаўнік варты ўвагі і павагі. У сельскай гаспадарцы ўсе работы важныя, адна ад другой залежаць. Дрэнна спрацуе араты ці сейбіт – не будзе ўраджаю, кармоў, не накормяць кароў – не будзе малака. На іх, руплівых і працавітых, дабрабыт трымаецца.

Марыя САНЬКО.



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *