По случаю профессионального праздника землеустроители Бешенковичского района подводят итоги работы за 2018 год

Актуально В трудовых коллективах Главное

Як вядома, да зямлі ў беларусаў заўсёды было беражлівае стаўленне, яе ласкава называлі «карміцелькай». Але мала хто ведае, што першыя дакументальныя сведчанні аб дзяржаўных зямельных актах, якія называлі ездакамі, датуюцца 1398 годам. Ужо тады беларусы мерылі зямлю і, магчыма, складалі карты. Словам, землеўпарадкавальная і картографа-геадэзічная справа мае дастаткова старажытныя традыцыі.

Калектыў землеўпарадкавальнай службы Бешанковіцкага раёна.

За забеспячэннем на тэрыторыі раёна заканадаўства ў галіне аховы і выкарыстання зямельных угоддзяў сёння сочыць землеўпарадкавальная служба райвыканкама. Невялікі калектыў з чатырох чалавек вырашае шырокае кола пытанняў.

Напрыклад, за 2018 год службай разгледжана і зацверджана 17 актаў выбара месца размяшчэння зямельных участкаў, з УП «Праектны інстытут «Віцебскгіпразем» паступіла 281 землеўпарадкавальная справа, па якіх прынята 258 рашэнняў.

Землеўпарадкавальнікі разгледзілі 102 заявы грамадзян, якія пражываюць у райцэнтры, аб прадастаўленні і вяртанні зямельных участкаў, што не выкарыстоўваюцца бешанкавічанамі, ад жыхароў вёсак паступіла 367 такіх заяў, па якіх прынята 316 рашэнняў. Ад юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў паступіла 142 звароты па зямельных пытаннях.

У 2018 годзе ў рэгіёне была працягнута практыка правядзення аўкцыёнаў па продажы зямельных участкаў для будаўніцтва і абслугоўвання аднакватэрных, блакіраваных жылых дамоў. Такім чынам, на аўкцыёнах прададзена 6 зямельных участкаў на агульную суму 17239,36 рубля, у тым ліку ў прыватную ўласнасць для будаўніцтва жылля – 2, на правах заключэння дагавора арэнды набыты яшчэ 4 зямельныя надзелы (1 – для будаўніцтва дома, 3 – для размяшчэння гандлёвых кіёскаў). Акрамя таго, прададзена 9 зямельных участкаў без правядзення аўкцыёнаў на агульную суму 10188,36 рубля.

Ва ўсе часы вялікая ўвага дзяржавай надаецца праваадносінам у галіне землекарыстання. Гэта пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі аддзела землеўпарадкавання райвыканкама.
– Дзяржаўны кантроль за выкарыстаннем і аховай зямель ажыццяўляецца ў мэтах выканання ўсiмi грамадзянамі, індывідуальнымі прадпрымальнікамі і юрыдычнымі асобамі ўстаноўленага парадку карыстання землямі, зямельнымі ўчасткамі, а таксама іншых правілаў і нормаў, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове і выкарыстанні зямель, – падкрэсліла начальнік землеўпарадкавальнай службы раёна Галіна Іосіфаўна Усцюгава.

Так, службай за парушэнне зямельнага заканадаўства ў 2017 годзе складзена 57 адміністрацыйных спраў, у тым ліку 34 пастановы, 23 – пратаколы, прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці 56 фізічных асоб, 1 індывідуальны прадпрымальнік, з накладаннем штрафаў на суму 1991,50 рубля.

За 2018 год складзена 78 адміністрацыйных спраў, у тым ліку 36 пастаноў і 42 пратаколы. Прыцягнута да адказнасці 67 фізічных асоб і 3 юрыдычныя. У даход дзяржавы выплачана штрафаў на суму 2327,25 рубля. Самае распаўсюджанае парушэнне зямельнага заканадаўства па арт. 15.10. ч. 2 КаАП Рэспублікі Беларусь (невыкананне іншых патрабаванняў па ахове зямель) – 62 парушэнні, па арт. 15.10. ч. 1 КаАП (невыкарыстанне прадастаўленага зямельнага ўчастка) – 9 парушэнняў, па арт. 23.41 КаАП (самавольнае заняцце зямельнага ўчастка) – 6 парушэнняў і арт. 23.42 КаАП (парушэнне тэрмінаў вяртання часова займаных зямель) – 1 парушэнне.

За непрыняцце мер па барацьбе з баршчэўнікам Сасноўскага да адказу прыцягнуты 9 фізічных асоб, у тым ліку 2 службовыя асобы (выдадзены 4 пастановы, складзены 5 пратаколаў).
Як бачым, функцый і задач у землеўпарадкавальнай службы шмат. Спраўляцца з імі Г. І. Усцюгавай дапамагаюць галоўныя спецыялісты Генадзь Алегавіч Велічынскі, Таццяна Сяргееўна Ганчарова, Майя Аляксандраўна Асіповіч.

– Хочацца, каб на кожным кавалачку зямлі быў сапраўдны гаспадар, каб усе палеткі былі дагледжанымі. Мы не атрымліваем зямлю ў спадчыну, таму павінны паклапаціцца пра тое, каб яна была перададзена нашчадкам прыгожай і квітнеючай, – звярнулася да землякоў напрыканцы нашай размовы начальнік аддзела землеўпарадкавання райвыканкама Г. І. Усцюгава.

Анжэла ЛЮДЫНА.



Теги: