Чэмпіёнам Беларусі стаў бешанковіцкі асілак Сяргей Маціеўскі

Спорт

У красавіку горад Пінск на працягу трох дзён прымаў XXVII адкрыты чэмпіянат Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы сярод майстроў. На спаборніцтвы з’ехаліся спартсмены з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і Ізраіля.

Каля 60 цяжкаатлетаў старэйшых узроставых катэгорый вялі ўпартую барацьбу за званне чэмпіёнаў Рэспублікі Беларусь. Хочацца адзначыць (не без гонару), што ў ліку гэтых шаноўных асілкаў быў і наш зямляк – інструктар-метадыст ФСК «Дзвіна» Сяргей Маціеўскі. Выступіўшы ў вагавой катэгорыі да 81 кг, дваяборац заваяваў чэмпіёнскі тытул (сума дваябор’я – рывок і штуршок штангі – склала 142 кг).

Вярнуўшыся дадому, спартсмен не прамінуў падзяліцца ўражаннямі, расказаў, чаму вырашыў прыняць удзел у чэмпіянаце і ў чым сакрэт поспеху. «Спаборніцтвы – сапраўднае свята, незабыўныя адчуванні і важная падзея ў жыцці любога спартсмена, якая застанецца з ім надоўга. Гэта вопыт і трэнінг на канцэнтрацыю, праверка волі і самадысцыпліны, спартыўны азарт і прыцягальны смак перамогі. Усё, што трэба, каб каваць спартыўны характар, – запэўнівае Сяргей Сяргеевіч. – Добразычлівая атмасфера спрыяла ўстанаўленню многіх рэкордаў, ды і ўзровень арганізацыі быў на вышыні. Сакрэт жа ў тым, што мне падабаецца займацца цяжкай атлетыкай».

За дасягненні нашых землякоў прыемна і радасна. Жадаем і далей упэўнена ісці па сваім зорным спартыўным шляху, ніколі не апускаць рукі, спадзявацца і самім верыць у свае сілы, бо мы ў вашы верым і працягваем сачыць за поспехамі!

Марыя САНЬКО.



Теги: