У Бешанковіцкім раёне ўвекавечылі памяць знакамітага земляка Б. П. Беляжэнкі

Общество

5 чэрвеня 2019 года пісьменніку Барысу Паўлавічу Беляжэнка, які нарадзіўся ў Бачэйкава, споўнілася б 82 гады… Напярэдадні гэтай даты ў Бачэйкаўскай сельскай бібліятэцы ў яго гонар адкрылі Дошку Памяці і музейны пакой.

 

Каб ушанаваць імя вядомага грамадскага  дзеяча Бешанковіцкага раёна і Віцебшчыны, паэта, публіцыста, аўтара 12 кніг, на ўрачыстае свята завіталі сябры, калегі, а таксама ўсе, хто мае дачыненне да адкрыцця мемарыяльнай дошкі. Гэта галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Валер’евіч Юрчак, старшыня Віцебскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Тамара Іванаўна Краснова-Гусачэнка, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Уладзіміравіч Намеснікаў, член Саюза мастакоў Беларусі Юрый Панцеляймонавіч Зуеў, член Саюза мастакоў Беларусі, аўтар мемарыяльнай дошкі Аляксандр Мікалаевіч Гвоздзікаў, спадарожніца жыцця Лілія Пятроўна Яфрэмава-Забаўленка, мастак Алег Уладзіміравіч Кірушкін, члены ветэранскага клуба «Сяброўства» і клуба «Энергія творчасці».

Многа шчырых слоў у адрас Барыса Паўлавіча Беляжэнкі выказалі таксама старшыня раённага выканаўчага камітэта Андрэй Анатольевіч Булаўкін, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Мікалаеўна Апанасёнак, старшыня Бачэйкаўскага сельвыканкама Галіна Віктараўна Шчука, ветэран педагагічнай працы Алла Генадзьеўна Арлова і вучні Бачэйкаўскай сярэдняй школы.

Вельмі прыемна, што экспазіцыя музейнага пакоя, якая была адкрыта дзякуючы Ліліі Пятроўне Яфрэмавай-Забаўленка, папоўнілася новымі экспанатамі, што прывезлі з сабой госці. Гэта аркушы з вершамі, якія Барыс Паўлавіч напісаў ад сваёй рукі, карціны з яго ўявай, кнігі з публікацыямі ў гонар пісьменніка… Усё гэта будзе захоўвацца для нашчадкаў, каб кожны знаў і памятаў, што ў вёсцы Бачэйкава нарадзіўся ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Б. П. Беляжэнка.

Алена МАРОЗАВА.



Теги: