В Бешенковичах отметили Купалье в лучших народных традициях

Главное

Адно з самых загадкавых свят у календары беларусаў – Купалле. Яно сімвалізуе росквіт прыроды. Здаўна лічыцца, што ноч з 6 на 7 ліпеня чароўная, незвычайная: яна яднае прыроду і чалавека, дзень і ноч, неба і зямлю, агонь і ваду. Менавіта ў купальскую ноч моладзь збіралася на берагах рэк і азёр – дзяўчаты плялі вянкі з траў і кветак, пускалі іх па вадзе, варажылі на нарачонага, вадзілі карагоды і спявалі песні, а хлопцы палілі вогнішчы, скакалі праз іх па адным і ў парах з дзяўчатамі.

Сонейка няспешна ішло ў захад. У цэнтральным парку  гучала музыка, зазываючы жыхароў Бешанковіч  на свята. Але, на жаль, сёлета прырода ўнесла свае карэктывы ў запланаванае мерапрыемства: народнае гулянне «Купальскія прыгоды» і святочны канцэрт адбыліся ў РЦК. Прысутных сваімі песнямі радавалі народны ансамбль народнай песні «Весялуха». Настрой уздымаў тэатр мініяцюр «Не промах». Былі ў гэты вечар таксама і сольныя нумары маладых талентаў.

Затым усіх прысутных запрасілі на галоўнае дзейства мерапрыемства – запальванне святочнага вогнішча. У гэты час культработнікі арганізавалі для землякоў розныя гульні і конкурсы. Народ з задавальненнем танцаваў пад гучную музыку, вадзіў карагод вакол вогнішча. Калі святочны агонь дагараў, людзі загадвалі самыя запаветныя жаданні і пераскоквалі цераз яго. Усе удзельнікі былі ў захапленні і, не хаваючы сваіх эмоцый, дзяліліся ўражаннямі адзін з адным.

Завяршыліся купальскія гулянні далёка за поўнач дыскатэкай і пошукамі кветкі шчасця, што, паводле падання, цвіце адзін раз у год – у ноч на Купалле.

Кацярына ПЕТУХОВА.



Теги: